Казки (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 65 из 92



Наймудрэйшая Балкiда велiчна выйшла наперад, сустрэла iх i сказала:

- Чаго гэта вы так перапужалiся, царыцы?

А яны стаялi на мармуровай лесвiцы - сто жанчын на кожнай прыступцы - i крычалi:

- Чаго мы перапужалiся? Ды гэта кожнаму зразумела! Бо мы жылi сабе пажывалi ў сваiм залатым палацы, i раптам наш палац знiкае немаведама куды, i мы трапляем у апраметную цемру, i над намi ляскае пярун, i Джыны i Афрыты шныпараць у цемры! Вось чаго мы перапужалiся, о царыца царыц, i мы неймаверна перапуджаны нашым перапудам, бо гэта сама страшэнны перапуд з усiх перапудаў, якiя давялося нам перажыць за ўсё наша жыццё.

Тады Балкiда, Найпрыгажэйшая царыца, сама любiмая з усiх жонак Сулеймана-iбн-Дауда, амаль гэтакая ж прамудрая, як сам Сулейман-iбн-Дауд, сказала:

- Нiчога асаблiвага не здарылася, о царыцы. Проста Матылёк паскардзiўся на сваю жонку, якая сварылася з iм, а Сулейману-iбн-Дауду захацелася навучыць яе лагодзе i пакорлiвасцi, ветлiвасцi i сцiпласцi, бо гэта лiчыцца добрымi якасцямi сярод жонак матылькоў.

I тады эгiпецкая царыца, дачка фараона, сказала:

- Наш палац нельга вырваць з коранем, як цыбулiну, для якой-небудзь нiкчэмнай казяўкi. Не! Сулейман-iбн-Дауд, мусiбыць, ужо сканаў, i зямля скаланулася ад гора, i ляснуў пярун, i на зямлю апусцiлася цемра.

Тады Балкiда, не ўзнiмаючы вачэй, павабiла да сябе пальцам гэтую непачцiвую царыцу i сказала ёй ды i ўсiм астатнiм:

- Вы можаце пайсцi i паглядзець.

Яны спусцiлiся па мармуровай лесвiцы шырокiмi шэрагамi - у кожным шэрагу была сотня царыц - i пад камфорным дрэвам убачылi прамудрага цара Сулеймана-iбн-Дауда, якi ўсё яшчэ знемагаў ад смеху. Цар сядзеў i кiваўся ўзад-уперад, i на адной руцэ ў яго была Матылiха, а на другой Матылёк.

|< Пред. 63 64 65 66 67 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]