Крыница (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
3 из 6
- А што можа рабiцца ў зямлi? - спытала здзiўленая i зацiкаўленая крынiчка. - Зямля такая спакойная, нерухомая, як быццам зусiм акамянела i застыла.
Слухалi травы, слухалi краскi, слухаў ракiтнiк i лазняк, птушкi, нават салавейка прыпынiў сваю песню i прыслухоўваўся да гэтай размовы. Усiм здавалася, што нiкога на свеце няма разумнейшага за крынiчку, бо аб такiх цiкавых i мудрых рэчах гаманiла з iмi яна! А тут i крынiчка шмат чаго не ведае. I ўсе замерлi - так уважлiва слухалi яны гэтую гаворку.
- Эх, неразумнае дзiцятка! - сказала гара. - Гэта толькi павярхоўнаму воку не вiдно нiчога. Зямля жыве, у яё жыццi многа-многа змен, толькi ж яны выяўляюцца так павольна, так непрыметна, i на першы погляд здаецца, што яна скончыла кола свайго iснавання. А ты вазьмi вецер: чаго толькi не робiць ён? А гэтыя прыгожыя хмаркi, што любяць так часта прапаўзаць над намi, каб адбiцца ў люстры твае чыстай вады! А iншыя схованыя ў нетрах зямлi сiлы! Але не ў гэтым справа, пра гэта мы пагаворым другiм разам. Справа ж у тым, што цябе хочуць павярнуць на другую дарогу.
- А чым жа, матуля, гэта кепска? Ну i пайду, i пабягу ў другiх берагах... Скажу табе, родная, мне i самой хацелася паглядзець на другiя краiны белага свету.
Засмуцiлася старая гара, пацямнелi яе прыгожыя схiлы, бо вечар павольна апускаўся на зямлю i за далёкiмi пагоркамi хавалася сонца.
- Я мушу перасцерагчы цябе, дачушка, - зноў сказала гара. - Наўперад ты добра падумай, а ўжо тады выбiрай свой лёс.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|