Крыница (на белорусском языке)   ::   Колас Якуб

Страница: 4 из 6

Нiхто, дачушка, не можа стрымаць твайго жадання, i ты пойдзеш туды, куды цябе так цягне твая цiкавасць. Ты пойдзеш у другi бок, у другiя краi панясеш сваю ваду. Праўда, ты спаткаеш шмат новых з'яў, угледзiш тое, што табе i не снiлася. Але памятай, дачушка, успомнiш ты сваю старую матку, успомнiш аксамiты тваiх беражкоў i залатое сваё дно, i моцна-моцна пацягне цябе сюды, бо сярод чужынцаў ты згубiш свой воблiк, сатрэшся з твару зямлi. А я тут буду стаяць адна, i туга разлукi з табою высушыць маё сэрца. Ты паглядзi, вунь там, бачыш, стаяць горы, а на iх расце лес. Гэта ўсё мае сваячкi, i не сягоння-заўтра яны, таксама як i я, дадуць пачаткi новым крынiчкам. Яны будуць бегчы сюды, i калi б ты пачакала, дык яны злiлiся б з табою: нахiл зямлi якраз iдзе ў гэты бок. Тады б вы сталi магутнай ракою, i ў гурце вам не страшна было б кацiцца ў свет: вас нiхто не адолее, i вы не страцiце сябе на чужыне. Вы б ажывiлi ўвесь гэты край, ён стаў бы багатым на зайздрасць чужынцам.

I яшчэ скажу табе адно: калi ты пачуеш, як здрыганецца зямля, дык хутчэй, як мага, старайся перарэзаць, прабегчы абвал, якi ляжа ўпоперак твае дарогi, i ты пацячэш па старым жолабе. А не зробiш гэтага, дык ужо будзеш прымушана звярнуць на другую дарогу, куды цябе горне гэтае няяснае, такое павабнае жаданне навiны.

Вечар даўно кiнуў наметку шараватага змроку на зацiхаючую зямлю. Гара маўчала, цiха разважаючы аб чымсьцi. Поўны месяц устаў на небасхiле, усмiхнуўся, бы той падарожны, страцiўшы надзею на добрую долю; яго таемны i тужлiвы водблiск разлiўся над цiхiмi разлогамi зямлi i неба.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]