Кучаравае дрэва (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
1 из 4
---------------------------------------------
Колас Якуб
Кучаравае дрэва (на белорусском языке)
Якуб Колас
Кучаравае дрэва
Прысвячаецца З.Бядулю
Буйна-радасна, сакавiта-музычна шумела маладое лiсце на Кучаравым дрэве. У гэтым шуме пералiвалiся найдалiкатнейшыя тоны тае песнi, якую можна было б назваць песняю аднаўлення, бо была вясна, маладая, як пена разводдзя, прыгожая, бы свiтанне майскае ранiцы, поўная сiлы, радаснага парывання i таго няяснага адчування, што складае скарб i хараство моладасцi. А калi ранiцою на гэтым Дрэве спынялiся променi сонца, заляцеўшы сюды з недасяжных глыбiнь, яны развешвалi на вiльготным лiсцi мнагаструнную арфу. Па ёй перабягала дыханне лёгкага-лёгкага ветрыку, i струны яе дрыгацелi так пяшчотна-квола, што i самае тонкае вуха не магло расслухаць iх дзiвоснага звону. Можа, гэта была нават i не песня зялёнага лiсця, а мары-лятункi Кучаравага дрэва, бо як правесцi гранiцы мiж iмi? I толькi тады, калi хвалi ветру, абуджаныя тымi ж праменнямi сонца, мацней павявалi сваiмi лёгкiмi крыллямi над звонка-струннаю арфаю, голас яе чуўся выразна. У гэтай музыцы было жыццё вольных прастораў, шум пушчы, звон шырокiх лугоў, цiхае задуменне рачных заток, гутарлiвае iмкненне рачулак i рэчак, бо над усiм жа гэтым пралятаў чарадзей-ветрык, браў у свае празрыстыя хвалi ўсе гэтыя тоны i адбiваў iх на сваёй арфе. Сама ж песня зялёнага лiсця агортвалася ў невыказна прыгожыя чары адвечнай казкi зямлi, тае казкi, што ствараюць прырода i людзi.
|< 1 2 3 4 След. >|