Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
17 из 109
На адзiн момант вочы iх спаткалiся, але чалавек адвярнуўся i пайшоў на высокi ганак. Жаночая постаць прыгнулася ад таго ўзроку мужчыны, больш заспяшалася. От яна сядзiць на ганку i абуваецца. Марудзiць, абцiрае ногi аб мокрую траву, цiха навокал, нiкога нiдзе няма. Жанчына ўстала, яна ўжо гатова была iсцi.
- Дык я пайшла ўжо, заўтра на свiтаннi прыйду, - моцна гаворыць яна тое, што i кожны дзень у гэтую самую пору.
Але чамусьцi яшчэ марудзiць. Яшчэ нагнулася паправiць у чаравiку шнурок, шнурок нешта завязваецца доўга, раптам iрвецца, i яго трэба звязаць. Iдзе жанчына паволi, унурыўшы галаву, трымаецца роўна, як бы чуючы ўсё яшчэ на сабе той момантны зiрк.
Яна iдзе паўз разваленую пуню; пахне з яе прэлая салома i веснавая цвiль. Тут жанчына пайшла шпарчэй, але чалавек выбягае на ганак i моцна заве сабаку:
- Галас, Галас!
Жанчына бачыць здалёк, як цераз двор iмчыцца да гаспадара сабака, як сам гаспадар сыходзiць з ганка. Яна прыпыняецца i глядзiць: а можа, там здарылася што, яна ж тут усю гаспадынiну работу адна парабляе, можа, чаго i не дагледзела.
Чалавек жа адагнаў ужо ад сябе сабаку i iдзе цераз двор. От пайшоў ён шпарка. Яна вельмi павольна паварочваецца да дарогi i iдзе сабе: яна ж ужо развiталася - сказала, што пайшла.
За брамаю гарачая хада магутных ног дагнала яе. Яна не азiрнулася, але чула на сабе чужую буру. Тады з востраю, непераможнаю, пакутнаю i страшнаю радасцю пайшла шпарчэй, штосьцi бяздумна ўгадаўшы ў гэтым. I тады ж пачула, як схапiла яе тая чужая бура.
|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|