Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 15 из 109



Больш яны нiчога пра гэта не гаварылi i ўехалi ў лес моўчкi.

Брат быў вельмi падобным да Лявона, але ростам быў яму, высокаму, па плячо ўсяго. Бушмар падстрыгаў вусы, а гэты падкручваў iх стрэлкамi ў бакi. Гаварылi яны адзiн з адным мала i без слоў вельмi добра разумелi адзiн аднаго.

Назаўтра зусiм парушыўся звычайны ход жыцця ў Бушмаравай сялiбе. Папаўднi Бушмару давялося iсцi ў вёску прасiць людской дапамогi. Сёй-той потым прыйшоў з вёскi. Прыйшоў стары Вiнцэнты, што ўмеў на памяць усялякую касцельную адправу. Труну рабiлi самi Бушмары, а Вiнцэнты малiўся з кантычак - пераспяваў колькi разоў "анёл панскi" i "Здровась Марыя", пасля труну ўдвух Бушмары завезлi ў мястэчка пад касцёл. Вярнулiся позна, а назаўтра сышлiся ўсе ў Бушмаравай чыстай хаце на жалобны абед. Вiнцэнты прыйшоў з жонкаю, за гаспадыню была Амiля. Бушмар дастаў людзям выпiць, перад абедам Вiнцэнты зрабiў жалобную адправу - заспяваў зноў "анёл панскi", усе падцягалi. Нават сам Бушмар падаваў свой, як з-пад зямлi, голас.

Спачатку быў цiхi настрой. Бушмараў брат, расчулены i ўзлагоджаны, успомнiў свайго хлапчука:

- Бывала, адна ўцеха была, прыедзеш дадому, распрагаеш каня, а ён пад нагамi трэцца, памагаць лезе. Часамi i крыкнеш на яго, i ўшчунеш, калi пасваволiць, але як памёр, дык сам палез бы лёг на яго месца, абы падняць яго.

На твары яго засвяцiлася чуласць. Жанкi заплакалi, уцёр слёзы i сам Бушмараў брат.

|< Пред. 13 14 15 16 17 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]