Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 24 из 109



Трохi дружыў з Лявонавым бацькам, - але як дружыў! - разам палавiчных пчол разводзiлi, пакуль не заелiся iдзiн на аднаго за мёд, а з маладым Бушмарам Вiнцэнтаму пакуль што не здарылася за што пасварыцца.

I от у нядзелю, калi Бушмар рыхтаваўся снедаць, прыйшоў да яго Вiнцэнты. Ён колькi часу стаяў за Бушмараваю брамаю i разглядаў Бушмараву ярыну.

- А-а-а як жа авёс пайшоў, аж сiнее, - енчыў Вiнцэнты з нейкай пакутнай зайздрасцi. - Шалее твой авёс, дзянь добры, жэгнай Божа, - сказаў ён, калi пралез цераз парог у хату.

Бушмар бачыў яшчэ яго праз акно за брамаю. I буркнуў быў сабе пад нос:

- Цi не сюды яго няшчасце гонiць.

- Добры дзень, проша на сняданне, - прывiтаў ён госця.

Вiнцэнты сядзеў на парозе, пастукваў па падлозе кiйком сваiм, цадзiў па слову гаворку - чакаў, калi Бушмар скончыць снедаць i калi адыдзецца ад стала Амiля.

- Я прыйшоў да цябе, - загаварыў ён пра справу, выводзячы Бушмара на двор.

Бушмар як бы пачуў што трывожнае, маўчаў i нарыхтаваўся слухаць. Ён вёў Вiнцэнтага па двары. Вiнцэнты раптам перайшоў на дробныя ўсмешкi i нават сказаў жарт:

- Я хачу ў падсуседзi да цябе.

Бушмар трацiў цярплiвасць - ён сам нiколi не жартаваў i да людскiх жартаў не прывык. Вiнцэнты ж адразу пасталеў, гэтак як напусцiў бы на сябе жартаўлiвасць:

- Ты ж чуў пэўна?

- Што?.. Нiчога я не чуў.

Бушмар як мае быць ужо ўстрывожыўся. Вiнцэнты больш не мучыў яго сваiмi жартамi:

- Падсуседзi - не падсуседзi, а хаўрус з табою хачу зрабiць. Уцячы ў лес да цябе хачу. Хлопцы мае самi прыслалi мяне да цябе...

|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]