Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
25 из 109
Дарогу тваю адапхнулi? Палетак паўз лес адрэзалi? На гэты бок лесу залазяць? Андрэй арудуе? I арудаваць будзе, бо ён на цябе вока не мае. Ён пытаў (сам я чуў) у Амiлi нядаўна - цi запiсана яна ў гэтым рабачкоме...
Вiнцэнты раптам спынiў гаворку i палажыў рукi на полы вопраткi. Расцягнулася нiжняя губа, стала тоненькаю, i мяшкi пад вачыма пачырванелi. Ён трошкi прысеў, трошкi нагнуўся да Бушмарава вуха. Спачатку так памаўчаў, пасля захiхiкаў:
- Хi-хi-хi, хi-хi-i-i...
Бушмар зусiм здзiвiўся, аж злосць папаўзла па твары яго.
- Хi-хi, гэта такi недурны нехта выдумаў, iмя яму даў - рабачок... падточвае гаспадароў... цi запiсалася ты, кажа, у рабачок... Хi-хi-i-i.
Зноў ён раптам зрабiўся сталым, пасля гэтай штучнай весялосцi:
- Страшная штука робiцца. Усё к чортавай матары пойдзе. Гады, запанаваць хочуць... Будзе табе яшчэ не гэта. Яшчэ i хату адбяруць у цябе, i самога з торбаю па свеце пусцяць, калi самому не ратавацца.
- Што? - гукнуў з усiх жыл Бушмар.
А той як бы наўмысля прыйшоў сюды, каб памучыць:
- I ўсiм нам тое самае будзе, калi, я ж кажу, не ратавацца.
Тут ён змоўк i ўздыхнуў. Бушмар, каб прымеў, дык увагнаў бы тут яго на месцы ў зямлю. Вiнцэнты яшчэ трохi памучыў:
- Гэта можна было адразу бачыць, што гэта будзе...
- Што?! - нема раўнуў Бушмар.
I ўжо тут Вiнцэнты як мае быць дайшоў да справы:
- Усё пойдзе нанава. Гэта, што яны там панастаўлялi тычак i слупоў, дык увосень усё параскiдаюць самi ж. Гэтыя новыя межы на знос пойдуць.
|< Пред. 23 24 25 26 27 След. >|