Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
28 из 109
Ён адказваў вяла, нехаця, як i заўсёды. Амiля ведала ўжо добра гэтую яго натуру, нiколi не зважала на гэта. Пасля ж ужо ўсёй хатняй упраўкi, калi ён раздзяваўся класцiся спаць, яна падышла да яго, паглядзела на яго з дакорам, просьбаю, замiлаваннем, паслушэнствам, села каля яго i сказала тое, ад чаго ён падняў вочы, але з твару не змянiўся:
- Ад мяне?
- А ад каго ж яшчэ?
- А можа, ад каго iншага?
- Лявонка?!
Ён маўчаў. Яна падсела яшчэ блiжэй, зазiрнула яму ў вочы, прыпёрлася галавою да пляча. Яна гаварыла хутка, выказвала ўсё, што сабралася за ўсю вясну, але што было дагэтуль цяжка выказаць Бушмару:
- ...Мы тады i малога майго забярэм сюды. Добра, Лявонка? Ён неўзабаве падрасце, дык i помач ад яго гатовая будзе. Ты, Лявонка, запiшыся са мною цi павянчайся - трэба зрабiць што-небудзь, цi скажы мне пэўнае слова, дык я тады спакойнаю буду, а не хочаш можа вянчацца цi запiсвацца, дык я так магу быць, адно каб ты мне сказаў напэўна, што я твая жонка. Можна i так, калi хочаш, людзi цяпер усякся жывуць...
Ён устаў падкруцiць у лямпе агонь. Яна чакала, сядзела ўсё. Ей здалося, што ён стаў тады такiм, якiм яна яго жадала сабе - ласкавым, добрым. Ён сеў поплеч з ёю i маўчаў доўга. Яна палажыла галаву яму на плячо. Тады ён адхiснуўся i не зводзiў з яе вачэй:
- А той твой хлапчук, якога трэба забраць сюды, ад каго? Можа, ад паручнiка?
Яна жахнулася:
- Нашто ты пытаеш тое, што сам ведаеш?
- А ты скажы.
- Нашто ты гэта?
Ён усё глядзеў на яе.
- Ну ад нябожчыка...
|< Пред. 26 27 28 29 30 След. >|