Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 6 из 109



Ужо свiтаць пачало, як чалавек прыпынiўся каля густой няроўнай агароджы. Застукаў брамкаю i пхнуў яе каленам. Забрахаў сабака, заядла захроп, кiнуўся пад чалавека, заскроб кiпцямi па вiльготным крысе салдацкага шыняля.

- Галас, Галас, - загукаў чалавек.

Сабака адбегся i брахаў, пачаўшы павiльваць хвастом.

- Галас! Не пазнаў? Ах ты дурны!..

Сабака радасна завiшчаў, падбег, абняў гаспадара пярэднiмi лапамi, лiзнуў у твар. Чалавек усё стаяў, аж пакуль не прайшло сабачае захапленне. Тады ўзышоў на ганак, спусцiў з плеч клунак. У сенцах ужо стукалi хатнiя дзверы - сабака кагосьцi пабудзiў сваiм брэхам.

- Хто?

Голас з сянец чуваць быў малады, жаночы, прывабны, хрыплаваты ад сну. Чалавек на ганку ад гэтага голасу падняў галаву i падаўся крыху назад.

- Хто? - зноў запытала жанчына.

- Гаспадар.

- Якi гаспадар?

I, здагадаўшыся, загаласiла:

- А Божачка ж мой, Лявон!

Яна з грукатам адкiнула ад дзвярэй завалу, i Лявон Бушмар пачуў знаёмы пах сяней. У кухнi жанчына запалiла газоўку, i тут Бушмар ацапянеў, глянуўшы на жанчыну. Яна таксама не зусiм, мусiць, вольна пачувала сябе: стаяла ля печы маўклiва, спусцiла ўнiз рукi i не гаварыла больш нi слова. Твар яе густа ружавеў.

- Ты... тут?.. - запытаўся Бушмар.

- Служу... Як напiсаў тады адразу быў, каб хоць каго мацi ўзяла рабiць... Дык я нанялася...

- Нанялася?

Жанчына маўчала. Глыбокае непаразуменне прайшло па Бушмаравым твары.

- А мацi дзе?

- Мацi хворая... Не ўстае.

|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]