Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
56 из 109
I застаўшыся адна, яна адразу зразумела, што гаварыла Бушмарава маўклiвасць на адвiтаннi i ссунутыя бровы. I яна стала берагчы тое абяцанне, якое дала б Бушмару, каб той не маўчаннем, а словамi развiтаўся з ёю. Яна адразу стала такою, што нiкому i на думку не ўзбягала мець якiя-небудзь iнтарэсы на Бушмаравым хутары. Не было Бушмара, не прадавалася тут i насенная канюшына. Толькi праз месяцаў два зайшоў быў сюды як бы ненарокам Вiнцэнты. Тады ўжо ў яго пачала фармавацца цвёрдая думка ажанiць дзе-небудзь малодшага сына i разам з iм перабрацца куды-небудзь так, каб дажыць свой век самому сабе панам. Жыццё гнала яго з уласнай хаты, ад слядоў былога. Цяпер ужо ён ненавiдзеў Бушмара гэтак, як i Амiлiнага брата: адзiн быў ворагам, якi не паддаваўся, а другi - якi наступаў.
Галена адразу i не чакала нiякiх вестак ад мужа. Яна разумела яго навылёт. I праўда, што Бушмар маўчаў месяцаў мо з тры, а пасля загаварыў раптам, адно за адным пайшлi ад яго лiсты: "глядзi сябе добра", "пiльнуй сябе ў сваёй хаце", "трымай усё, як мага, не збывай нiчога, а я доўга тут не буду..." Хтосьцi малапiсьменны, мусiць, допраўскi Бушмараў таварыш, выпiсваў прывiтаннi, пажаданнi, iмкненнi Бушмаравай душы, але Галена пазнала Бушмара толькi ў словах пра гаспадарскi набытак, пра "пiльнаванне сябе ў хаце". За гэтымi словамi i жыла Бушмарава душа, якая для Галены была яснаю i вядомаю i якая не патрабавала для выказванняў шматслоўя. Галена разгадала: поўны нечаканым утрапеннем, прыглушаны бядою, Бушмар спачатку не думаў нi пра што.
|< Пред. 54 55 56 57 58 След. >|