Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 55 из 109

Бушмара пацяглi тады ў суд за буйную высечку лесу: ён пачаў патроху спускаць хвоi i закладаць неўзаметкi разабраную сцяну ў гумне. Вiнцэнты адразу даглядзеў гэтай Бушмаравай работы. На Бушмара наклалi вялiкi штраф. Бушмар яго не выплацiў, таксама як i не аддаваў падатку. Хтосьцi прыехаў з раёна спагнаць з яго штраф. Бушмар захваляваўся, пачаў заiкацца, злаваць, а ў тыя днi штосьцi не паладзiлi яны з Галенаю, i ён тады хадзiў, як звер. Якраз здалося яму (цi, можа, гэтак i сапраўды было), што раённы начальнiк вельмi нешта прыглядацца пачаў на Галену, а тая не прагнала яго з хаты, што было патрэбна дзеля Бушмаравага спакою. I от на двары раённы службовец штосьцi пачаў гаварыць Галене, смеючыся гэтак, як смяюцца прыгожым жанчынам. Бушмар, сцiснуўшы зубы, схапiў службоўца за пояс, перамчаў упоперак цераз двор i кiнуў на той бок плота. Той ледзьве падняўся, доўга сядзеў на зямлi, пакуль сяк-так здолеў павалачыся ў вёску, а назаўтра Бушмара арыштавалi. Тут было ўсё - i нявыплата падатку, i лясныя высечкi, i калецтва раённага службоўца (той доўга ляжаў у больнiцы i ледзьве ачуняў), i Бушмара засудзiлi на два цi тры гады адседкi.

Выходзячы з двара, Бушмар нiчога не сказаў Галене. Яна з плачам правяла яго за лес, а ён нават не азiрнуўся. Гэта яе не ўкалола. Яна як бы чакала гэтага i ведала, што iначай з Бушмарам нельга.

Галена хутка разумець стала Бушмара. За кароткi час навучылася пазнаваць яна ўсю звераватую простасць яго характару. Яна сэрцам пазнавала ўсю яго чалавечую ўрачыстасць i прыгнечанасць.

|< Пред. 53 54 55 56 57 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]