Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
73 из 109
Колькi гаспадароўзасталiся адшчапенцамi, i Вiнцэнты з iмi. Балазе поле iхняе было ў самым кутку, за дубняком, нават наводшыбе крыху. Меншы сын Вiнцэнтага тае зiмы ажанiўся i ўпарта трымаўся бацькi.
Вiнцэнты больш не патыкаў носа на Бушмараў хутар. Ён дрыжаў аднаго: каб Галена нiчога не сказала Бушмару пра яго. Бушмар сiберны чалавек, ён можа, засцiгнуўшы дзе, адным махам рукi адабраць навек здароўе або i зусiм душу выняць. Адно толькi цешыла тут i заспакойвала Вiнцэнтага: чуткi iшлi па ўсiм наваколлi, што ў Бушмара ў хаце нелады. Калатнi няма (Галена не такая жанчына, каб дапусцiцца да гэтакай сараматы), але Бушмар знявiдзеў яе. Хоць, можа, i не знявiдзеў, не можа Бушмар Галены знявiдзець, але ж i не будзе яна вельмi любаю яму. Бо яна толькi падабалася яму, а сама далёкая ад яго. Яна ўжо рвецца адтуль, ад яго, цяжкога чалавека. Яна ў людзi рвецца. Ён сам чуе далёкасць сваю да яе, гэтак як i да ўсiх. З таго вар'яцкага вечара, як толькi з'явiўся ён дадому, не ўспала жыццё на дабро, дык гэтак i далей пайшло. Можа, тут i не вiнаваты нiхто ў iх...
Вiнцэнты гонiць ад сябе сваю трывогу.
Але Бушмар раз такi засцiгнуў Вiнцэнтага.
Хмурны дзень. Снег сiнее паўз лес. Вiнцэнты выбiраецца на дарогу з вязкаю вецця. Валёнкi яго мокрыя, нагамi ён ледзьве грабае па вiльготным снезе.
- Стой, Вiнцэнты, - гукнуў Бушмар.
Гэта было знячэўку. Вiнцэнты здрыгануўся. Бушмар ехаў паўз лес аднекуль, з-за лясной завiлiны выехаў раптоўна. Вiнцэнты спыняецца i дрыжыць.
- Адкуль гэта едзеш, васпане? - выгаворвае ён.
|< Пред. 71 72 73 74 75 След. >|