Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
88 из 109
Ён увесь падаўся быў у клопат за ўсю тую справу, якую тут рабiлi, адкiнуў нават ад сябе неспакой за ўсялякую сваю ўласную гаспадарскую драбязу. Тут ён зусiм свядома вучыцца пачаў у Ўладзi. Той бязлiтасна кпiў з "усялякае мышы ў сваёй цеснай нары", жыў апошнiя гэтыя гады гэтак, што старыя нават навучаць яго бралiся:
- Гэтакi ты ўдалы хлапец, а вецер у тваёй натуры нейкi ёсць. У гады ўбiраешся, дык пара табе пра сябе падумаць, паставiў бы ты сабе хату, узяў бы зямлi, меў бы сваю сям'ю, як усякi чалавек...
- Няма зямлi, - аджартоўваецца ён.
- Мала?
- Мне мала. Мне каб усяею заўладаць.
- Дзiўны хлопец, - гаварылi адыходзячы, - от усё жартамi абыходзiцца.
А пасля хтосьцi кiнуў на людзi здагадку:
- Ён гэта сабе хлеба лёгкага шукае. Службы дзе якое.
- Вось гэта яно i ёсць, - сказаў быў ён раз на гэта, смеючыся. - Хачу нiчога не рабiць i добра жыць.
- От зноў жартуе!
А тым часам Уладзя вырас зусiм, больш яшчэ пасталеў, больш зблiзiўся з Андрэем. Стаў ён рослым i моцным, i хто ўспамiнаў таго ранейшага хутарскога пастушка, дык гаварыў:
- От як вырастае чалавек.
Яны з Андрэем i ўзялi на сябе ўвесь той цяжкi клопат - арудаваць з людзьмi, з зямлёю, з дзiкiм хмызняком, з трухлiнаю старых хат... Калгас зрабiлi ўвосень, калi рыхтавалiся сеяць жыта. I ўсе гады пасля гэтага даводзiлi яго да ладу. Кожны год вырастаў на ўзлеску новы вялiкi дом, туды перабiралiся патроху кожны год людзi, i шмат хат iшло на знос.
|< Пред. 86 87 88 89 90 След. >|