Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 86 из 109

Нават адзiн з iх, калi дзялiлi вяскоўцы панскую зямлю, выткнуўся быўна сваю мяжу i з хiтраю ўсмешкаю сказаў:

- Што ж, зямлю вы бераце, балазе пан уцёк. I лес панскi папрабавалi зачапiць, але маладцы, што лазу пакiнулi, не выцерабiлi.

- Чаму? - гукнуў Уладзя, чуючы ў гэтым паўпанкавым слове нейкую, няясную яшчэ, страшную крыўду.

- А таму, што калi вернецца пан, дык будзе чым вас сцёбаць.

Уладзя сцiснуў кулакi i падаўся блiжэй:

- Маўчы, гадзiна!

Дык той злосна заенчыў:

- А-а-а, глядзi ты! Гэта ты гэтак дзякуеш, што цябе выгадавалi чужыя людзi, што не даў i я табе прапасцi на чужой старане!..

- Мая старана ўсюды, дзе я стаю на зямлi.

- Усюды? А от цяпер стаiш на маёй мяжы. Вон!

Уладзя быў тады яшчэ недарослы дзяцюк. I повен ён быў хлапечага задору. Ён тады наўмысля пайшоў упоперак цераз забаранаваную хутаранскую ярыну, а хутаранец, скамячыўшы губы, схапiў яго за плечы. Андрэй рагатаў, стоячы ў мужчынах. Уладзя вылузаўся з хутаранцавых рук i пайшоў назад смеючыся.

Другi раз была ў яго сутычка з Бушмарам. Тут было менш гаворкi, але больш яшчэ выразнасцi. Гэта ўжо тады, калi надышла пара зачапiць хутаранцаў. Уладзя сказаў быў пра Бушмараў хутар:

- Вяльможныя паны ўжо ўпарадкаваны, цяпер пара зачапiць звяроў.

Бушмару хтосьцi сказаў пра гэта, i пры спатканнi з Уладзем ён, звер, пранiзаў зiркам яго. Уладзя прыпынiўся i таксама не спускаў вачэй з Бушмара. Так прастоялi яны колькi момантаў.

|< Пред. 84 85 86 87 88 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]