Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
87 из 109
Хто каго пераможа? Але ўсё ж Бушмар заўсёды абмiнаў думкамi Ўладзю, можа, таму, што прывык ён дагэтуль бачыць ягохлапчуком? А мо таму, што яму проста страшна было чуць у гэтым хлапчуку варожую сiлу, што раптам вырасла. Вобразам гэтай сiлы паўставаў перад iм Андрэй.
Дык вось гэты Ўладзя сказаў цяпер быў раз пра Бушмара. Ён гэтае разуменне сваё вынес яшчэ з суду, у якiм быў тады, калi судзiлi Бушмара i за збойства райвыканкомаўца, i за буйную высечку лесу, i за ўсё iншае. Пра Бушмара тады абвiнаваўца гаварыў доўга:
"Бушмар - вынiк, аканчальны лагiчны вынiк ляснога спрадвечнага хутара. Гэта звер, навокал якога павiнны быць пакрыўджаныя. Iначай нельга, пакуль жыве на свеце Бушмар. Навакольны лес i дзiкi хмызняк валодае Бушмарам, а праз яго адвечная прыродная дзiч спрабуе авалодаць усiмi тут людзьмi. Бушмар, каб i хацеў, не можа даць рады нi лесу, нi хмызняку - засталася ж навек няскончанаю дзеля яго раскарчоўка прылеску! Бушмараў лад - гэта пастка i вечная вайна, бо ж нават з сваiм, можна сказаць, жыццёвым братам Вiнцэнтым была ў яго смяртэльная спрэчка. У звяроў заўсёды ў адным нават логаве - вайна... Вось ён жыве на свеце, жыве спрадвеку, робiць нават гiсторыю свайго часу, гiсторыю крыўдаў слабейшых, ад якiх маюць крыўду яшчэ слабейшыя... Чалавечая гiсторыя нялюдскасцi! Дзе расплоджваюцца звяры i каля iх чэрвi!"
II
Андрэй за гэтыя гады пастарэў крыху, але не змянiўся. Засталася ў iм i яшчэ больш асталявалася мяккая жартаўлiвасць i, дзе трэба, ясная цвёрдасць. Ён крыху меў натуру iншую, як Амiля, а можа, гэта не натура, а проста iншае дачыненне да ўсяго.
|< Пред. 85 86 87 88 89 След. >|