Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
91 из 109
I першы раз, зусiм iначай, як дагэтуль, яны паглядзелi адно аднаму ў вочы.
III
Як жа жыў цяпер Бушмар? Каб не збегла тады была ад яго жонка, ён, можа б, i яшчэ сяк-так трымаў бы добрага таго каня свайго, можа, па-воўчы б гаспадарыў на сваiм куце, якi яму пакiнулi, але, застаўшыся адзiн, ён, як нi стараўся, не мог даць рады. Брат да яго прыязджаў часта. Бушмар раз пачаў раiцца з iм, каб як гэта зноў ажанiцца. Брат параiў яму:
- Гэта то трэба, але бяры сабе жонку па сваёй натуры. Бо табе ўжо наверыла абы-якая жонка.
Дык ён так заставаўся адным, не могучы дабраць сабе жонкi. Да якой хутаранкi i сватаўся, дык не лiшне ўжо квапiлiся iсцi за яго - слава пайшла пра яго гэтакая, гэтак гаварылi пра яго ранейшае жыццё з дзвюма жонкамi, што ён толькi адно думаць пачаў.
Тады, адразу пасля таго, як уцякла Галена, ён быў дадумаўся засцiгнуць дзе ды прыбiць яе. Пасля думка гэтая перайшла на Андрэя i на гэтым закаранела. Ён пачаў цяпер варушыцца гэтак, як калiсьцi варушыўся Вiнцэнты. Толькi той лiслiвенька да кожнага падыходзiў, а гэты сваёй воўчай панурасцi не трацiў. Нават раз Бушмар як мае быць падумаў: "Дарэмна я тады чуць не абязвечыў Вiнцэнтага i адагнаў яго ад сябе. Не паслухаў яго тады. Добрым хаўруснiкам мог бы быць, каб паслухаў тады яго". Ён усё раздумваў пра гэта, чмыхаў, аж стукаў неяк носам, корпаючыся ў сваёй мярлозе. Часамi нават перасiльваць пачаў сваю ваўкаватасць i даходжваць да тых хутароў, што засталiся яшчэ наводдалек. Але ўсё ж там людзi не мелi з iм адных iнтарэсаў - там яны з калектывам змагалiся, але са "сваiм", iншым.
|< Пред. 89 90 91 92 93 След. >|