Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
93 из 109
Ён усё блiжэй трымацца пачаў Вiнцэнтавага сына, а той таксама штосьцi трымаў у галаве сваёй, часамi даходжваючы туды, дзе ля лесу бялелi новыя калгасаўскiя будынкi. Там, у старэйшага свайго брата, цяперашняга калгасаўца, ён гаварыў i пра нейкае парабкоўства ў кагосьцi калгасаўцаў, i пра нейкую паншчыну, якая нейкiм робiцца. Старэйшы брат усмiхаўся з гэтага, але нарэшце дадаваў сваю думку пра гэта ўсё:
- Хто дужшы, той прутшы.
- Вось гэта i я кажу. Бацька тады разумна стараўся выдзелiцца невялiкiм гуртам...
Яны ўспамiналi бацьку, гаварылi пра Бушмара (хоць хутара яго больш не ўспамiналi).
Пасля адзiн раз Бушмар нешта доўга не пайшоў да Вiнцэнтавага сына i яго суседзяў, а праз тыдзень якi ён з'явiўся да першага ад лесу калгасаўскага дома i пастукаў у акно. Выйшаў з дому другi Вiнцэнтага сын. Вечар быў, цёмна. Дарога праз лес была аж чорнаю. Два мужчыны падалiся скрозь паўз лес i поле, iшлi паволi i гаварылi пошапкам.
Зайшлi аж на Бушмараў хутар, а пасля назад. З таго часу калi-нiкалi яшчэ заходзiў гэты калгасавец да Бушмара, прыходзiў ужо смела i другi Вiнцанцюк, а часамi i яшчэ хто-небудзь з тых падлесных новых хутаранцаў ацiраўся тут.
Раз Бушмар i з Галенаю быў спаткаўся. Было папаўднi, свяцiла сонца. Галена iшла з дзецьмi (сваiм i двума Амiлiнымi) па новай грэблi за тым месцам, дзе калiсьцi была вёска.
Бушмар джгаў аднекуль дарогаю. Перад Галенаю ён прыпынiўся, аж падаўся ад раптоўнасцi крыху назад. Галена яму нiчога не сказала, хацела моўчкi прайсцi ў сваю дарогу, але ён стаяў i глядзеў на яе.
|< Пред. 91 92 93 94 95 След. >|