Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 92 из 109

Тады абмацаў Бушмар сяброўства паблiзу, - меншы Вiнцэнтага сын, той самы, што мерыўся ўзяць Галену i асесцi на яго хутары, не адапхнуў яго ад сябе. Ранейшае было забыта. Там яшчэ хат чатыры было гэтакiх, што не пайшлi разам з усiмi, а ахоўвалi ўсё яшчэ сваю ўласную гаспадарку, на якой "сам сабе панам". Гэта - з таго краю вёскi, некаторыя нават перанеслi на сваё поле (было яно якраз наводшыбе) хаты i аселi дробнымi асэсарамi. Чакалi ўсё "змены ўлады", а найбольш, "што палякi прыйдуць". Там Бушмар i бываў цяпер часта. Першыя часы яны з Вiнцэнтавым сынам зрабiлi былi выгляд, што нiчога прыкрага мiж iмi не было, а пасля гэта, вельмi хутка, стала абыкласцю, i ўсё ранейшае забылася. Бушмару ўсё ж часамi ўзбягала на думку тое, як Вiнцэнты ляжаў прыбiты пад дубам, уехаўшы плечуком у мокры снег. Раз нават ён, як бы апраўдваючыся, загаварыў пра гэта з сынам Вiнцэнтага. Ён пазаiкаўся крыху, выразна не могучы выказаць тое, што хацеў, а гаварыць трэба было асцярожна. Вiнцэнтага сын падумаў быў, што гэта Бушмар выгаворвае яму за Галену, i сам штосьцi заблытаў словамi. Так яны абодва змоўклi i па той раз маўчалi пра гэта. Бушмар, ходзячы сюды, нi то што гэта вельмi хацеў бачыць гэтых людзей цi гаварыць з iмi, але ён чуў, як у iм рабiлася нейкая работа i пасля як мае быць (чаго раней з iм нiколi не было!) меў у галаве сваёй нават план нейкi сваёй дзейнасцi. Нейкая рыса з'явiлася ў iм новая, як бы ўкрадзеная ад нябожчыка Вiнцэнтага. Гэта было штосьцi падобнае да хiтрасцi, хоць i не хiтрасць.

|< Пред. 90 91 92 93 94 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]