Макаркавых Волька (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
12 из 13
А можа не хочуць разумець!
У той жа самы вечар, падцягнуўшы да падушкi табурэт з лямпаю, Сафрон Дзядзюля пiсаў карандашом на лiсце паперы, вырваным з вучнёўскага сшытка. "Заява... Гэтая гора-ўрач дэталёва нават не азнаёмiлася з хваробай. Ёй, безумоўна, трэба было дастаткова ўвайсцi ў лячэнне, а яна абмежавалася толькi тым, што паставiла банькi i напiсала рэцэпт. I нi разу не зайшла праверыць змагаючагася з захворваннем арганiзма... I яшчэ трэба дадаць, што гэтая асоба рэлiгiйная, што не можа быць у адпаведнасцi са званнем савецкага ўрача, як то: гэтая асоба, нягледзячы, што ў свой час выключалася з рабфака як дачка кулака i спекулянта цялятамi, павiнна была iзулеч для сябе ўрокi, якiх не iзулекла, паколькi гаварыла чалавеку, у якога спынiлася, што ёй прыемна было пабываць на могiльнiку каля трухлявай царкоўнай сцяны. Гэта яна матывавала тым, што на яе ўсплывалi ўспамiны маленства, калi яна каля гэтай сцяны гуляла ў малыя гады з дзецьмi. Але тут падаплёка ўпаўне ачавiдна..."
Дзядзюля раптам задумаўся: куды ж паслаць гэтую заяву? Невядома, адкуль яна сюды прыехала?
Зусiм паправiўшыся, Дзядзюля iшоў на працу. Зазiрнуўшы на могiльнiк, ён убачыў дзве акуратна абкладзеныя дзярном магiлы Вольчыных бацькоў. Магiлы былi абгароджаны новымi балясамi. "Недзе ж такi дастала цвiкоў", - падумаў Дзядзюля. Удзень зайшоў у кааперацыю былы сусед Вольчыных бацькоў.
- Паехала? - запытаў Дзядзюля.
- Паехала, - адказаў чалавек. - Але ненадоўга. Ёй тут вельмi спадабалася, а ў раёне якраз не хапае аднаго доктара.
|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|