Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
4 из 197
- Хiба мала жукоў i жаб у сажалках, што яму спатрэбiлася есцi чалавечыну, ды яшчэ на нашай зямлi?
Закон Джунгляў, загады якога заўсёды на чым-небудзь грунтуюцца, дазваляе звярам паляваць на чалавека толькi тады, калi яны вучаць сваiх дзiцянят забiваць. Але i тады зверу няможна забiваць чалавека ў тых мясцiнах, дзе палюе яго зграя або племя. Услед за забойствам чалавека з'яўляюцца рана цi позна белыя людзi на сланах, са стрэльбамi i сотнi смуглых людзей з гонгамi, ракетамi i факеламi. I тады кепска даводзiцца ўсiм жыхарам джунгляў. А звяры кажуць, што чалавек - сама слабая i безабаронная з усiх жывых iстот i чапаць яго - ганьба для паляўнiчага. Яны гавораць таксама - i гэта праўда, - што людаеды з цягам часу паршывеюць i ў iх выпадаюць зубы.
Бурчанне ўзмацнiлася i закончылася грамавым "а-а-а!" тыгра, гатовага да скачка.
Потым пачулася выццё, не падобнае на тыгравае, - выццё Шэр-Хана.
- Ён прамахнуўся, - сказала Мацi Ваўчыха. - Чаму?
Бацька Воўк адбегся на некалькi крокаў ад пячоры i пачуў раззлаваны рык Шэр-Хана, якi варочаўся ў кустах.
- Гэты дурань апёк сабе лапы. I хапiла ж розуму скакаць у вогнiшча дрывасека! - чмыхнуў Бацька Воўк. - I Табакi з iм.
- Нехта падымаецца на гару, - сказала Мацi Ваўчыха, варухнуўшы адным вухам. - Падрыхтуйся.
Кусты ў гушчары злёгку зашамацелi, Бацька Воўк прысеў на заднiя лапы, гатовы скокнуць. I тут калi б вы назiралi за iм, дык убачылi б сама незвычайнае на свеце - як воўк спынiўся на сярэдзiне скачка. Ён кiнуўся ўперад, калi яшчэ не бачыў, на што кiдаецца, а потым крута спынiўся. Выйшла так, што ён падскочыў угору на чатыры цi пяць футаў i сеў на тое ж месца, дзе адарваўся ад зямлi.
- Чалавек! -агрызнуўся ён.
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|