Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
5 из 197
- Чалавечае дзiцяня! Глядзi!
Проста перад iм, трымаючыся за адну з нiжэйшых галiнак, стаяла голенькае смуглае дзiця, якое, вiдаць, толькi што навучылася хадзiць, - мяккае, усё ў ямачках, маленечкi жывы камячок. Такое маленечкае дзiця яшчэ нi разу не заглядвала ў ваўчынае логава начною парой. Яно зiрнула ў вочы Бацьку Ваўку i засмяялася.
- Гэта i ёсць чалавечае дзiцяня? - спытала Мацi Ваўчыха. - Я iх нiколi не бачыла. Прынясi яго сюды.
Воўк, якi прывык насiць сваiх ваўчанят, можа, калi трэба, узяць у зубы яйка i не раздушыць яго; i хоць зубы Бацькi Ваўка сцiснулi спiнку дзiцяцi, на скуры малога не засталося нават драпiны, пасля таго як ён палажыў яго памiж ваўчанятамi.
- Якое маленькае! Зусiм голае, а якое смелае! - ласкава сказала Мацi Ваўчыха. (Дзiця працiскалася сярод ваўчанят блiжэй да цёплага бока.) - Вой! Яно смокча разам з астатнiмi! Дык вось яно якое, чалавечае дзiцяня! Ну калi ж гэта ваўчыца магла пахвалiцца, што сярод яе ваўчанят ёсць чалавечае дзiцяня!
- Я чуў, што гэта бывала i раней, але толькi не ў нашай Чарадзе i не за маю памяць, - сказаў Бацька Воўк. - Яно зусiм безвалосае, i я мог бы забiць яго адным плескачом. Зiрнi, яно глядзiць i не баiцца.
У пячоры пацямнела, святло месяца больш не прабiвалася ў яе: вялiзная квадратная галава i плечы Шэр-Хана загарадзiлi ўваход. Табакi павiскваў ззаду яго:
- Пане, пане, яно ўвайшло сюды!
- Шэр-Хан робiць нам вялiкi гонар, - сказаў Бацька Воўк, але вочы яго злосна блiснулi. - Што трэба Шэр-Хану?
- Маю здабычу! Чалавечае дзiцяня ўвайшло сюды, - сказаў Шэр-Хан.
|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|