Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
7 из 197
Ён паспеў забыцца пра той час, калi адваёўваў Мацi Ваўчыху ў адкрытым баi з пяццю ваўкамi,пра той час, калi яна бегала разам з Чарадой i нездарма мела мянушку "Дэман". Шэр-Хан не пабаяўся б Бацькi Ваўка, але з Мацi Ваўчыхай ён не асмельваўся схапiцца: ён вёдаў, што перавага на яе баку i што яна будзе бiцца не на жыццё, а на смерць. Парыкваючы, ён падаўся назад i, адчуўшы сябе на волi, зароў:
- На сваiм двары кожны сабака брэша! Паглядзiм, што скажа Чарада наконт прыёмыша з чалавечага племенi! Дзiцяня маё, i рана цi позна я яго з'ем, о вы, даўгахвостыя зладзеi!
Мацi Ваўчыха, цяжка дыхаючы, кiнулася на зямлю каля сваiх ваўчанят, а Бацька Воўк сказаў ёй сурова:
- На гэты раз Шэр-Хан кажа праўду: дзiцяня трэба паказаць Чарадзе. Ты ўсё-такi хочаш пакiнуць яго сабе, Мацi?
- Пакiнуць сабе? - цяжка паводзячы бакамi, сказала Ваўчыха. - Яно прыйшло да нас зусiм голае, уночы, адно, i ўсё ж яно не баялася! Зiрнi, яно ўжо адпiхнула адно з маiх ваўчанят! Гэты кульгавы мяснiк забiў бы яго i ўцёк на Вайнгангу, а людзi ў адплату разбурылi б наша логава. Пакiнуць яго? Так, я яго пакiну. Ляжы цiха, жабянятка! О Маўглi - бо Жабяняткам Маўглi я назаву цябе, прыйдзе час, калi ты пачнеш паляваць на Шэр-Хана, як ён паляваў на цябе.
- Але што скажа наша Чарада? - спытаў Бацька Воўк.
Закон Джунгляў гаворыць вельмi ясна, што кожны воўк, пасля таго як завядзе сям'ю, можа пакiнуць сваю Чараду. Але як толькi яго ваўчаняты падрастуць i стануць на ногi, ён павiнен прывесцi iх на Раду Чарады, якая збiраецца звычайна раз у месяц, у час поўнi, i паказаць усiм астатнiм ваўкам.
|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|