Маыгли (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 53 из 197



Маўглi павярнуўся i ўбачыў, што над iм пагойдваецца галава вялiзнага ўдава.

- Дык гэта i ёсць чалавечак? - сказаў Каа. - Скура ў яго вельмi гладкая, i ён падобны на Бандар-Логаў. Глядзi, каб я не палiчыў цябе за малпу як-небудзь у цемры, пасля таго як я змяню сваю скуру.

- Мы з табой адной крывi, ты i я, - адказаў Маўглi. - Сёння ты вярнуў мне жыццё. Мая здабыча будзе тваёй здабычай, калi ты прагаладаешся, о Каа!

- Дзякуй, Маленькi Брат, - сказаў Каа, хоць вочы яго смяялiся. - А што можа забiць такi храбры паляўнiчы? Я прашу дазволу паўзцi за iм, калi ён выправiцца на паляванне.

- Сам я не забiваю, я яшчэ малы, але я заганяю коз для тых, каму яны патрэбны. Калi захочаш есцi, прыходзь да мяне i пабачыш, праўда гэта цi не. У мяне спрытныя рукi, - ён выставiў iх уперад, - i калi ты трапiш у пастку, я змагу сплацiць доўг i табе, i Багiры, i Балу. Добрага палявання вам усiм, настаўнiкi мае!

- Цудоўна сказана! - прабурчаў Балу, бо Маўглi дзякаваў як належыць.

Удаў паклаў на хвiлiну сваю галаву на плячо Маўглi.

- Храбрае сэрца i пачцiвая гаворка, - сказаў ён. - З iмi ты далёка пойдзеш у джунглях. А цяпер выпраўляйся адсюль хутчэй разам са сваiмi сябрамi. Iдзi спаць, бо неўзабаве зойдзе месяц, а табе не трэба бачыць тое, што тут будзе.

Месяц заходзiў за ўзгоркамi, i рады малпаў, што, калоцячыся ад страху, тулiлiся на сценах i вежах, нагадвалi рваныя хiстка-зменлiвыя махры. Балу спусцiўся да вадаёма напiцца, а Багiра пачала вылiзваць сваё футра.

|< Пред. 51 52 53 54 55 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]