Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
52 из 197
- Ооу! Мне балiць! Каа, мы абавязаны табе жыццём, мы з Багiрай...
- Гэта дробязь. А дзе ж чалавечак?
- Тут, у пастцы! Я не магу вылезцi! - крыкнуў Маўглi.
Над яго галавой закругляўся купал, якi абвалiўся якраз пасярэдзiне.
- Забярыце яго адсюль! Ён танцуе, як паўлiн Мор! Ён перадушыць нагамi нашых дзяцей! - сказалi знiзу кобры.
- Ха! - засмяяўся Каа. - У яго ўсюды сябры, у гэтага чалавечка. Адыдзiся падалей, чалавечак, а вы схавайцеся, о Ядавiты Народ! Зараз я праб'ю сцяну.
Каа як след прыгледзеўся i знайшоў пачарнелую расколiну ў мармуровай разьбе, там, дзе сцяна была найбольш разбурана, разы два-тры злёгку адпiхнуўся галавой, прымерваючыся, потым прыўзняўся на шэсць футаў над зямлёй i стукнуў з усяе сiлы дзесяць разоў запар. Мармуровыя карункi трэснулi i рассыпалiся воблакам пылу i смецця. Маўглi выскачыў у пралом, кiнуўся на зямлю памiж Багiрай i Балу i абняў абаiх за шыю.
- Ты не паранены? - спытаў Балу, ласкава абдымаючы Маўглi.
- Мяне пакрыўдзiлi, я галодны i ўвесь у сiняках. Але як моцна яны вас пашкуматалi, сябры мае! Вы ўсе ў крывi!
- Не адны мы, - сказала Багiра, аблiзваючыся i пазiраючы на трупы малпаў на тэрасе i вакол вадаёма.
- Гэта дробязi, усё дробязi, калi ты жывы i здаровы, о мая гордасць, найлепшае з жабянятак! - прахныкаў Балу.
- Пра гэта мы пагаворым пасля, - сказала Багiра суха, што зусiм не спадабалася Маўглi. - Аднак тут Каа, якому мы з Балу абавязаны перамогай, а ты - жыццём. Падзякуй яму, як належыць паводле нашых звычаяў, Маўглi.
|< Пред. 50 51 52 53 54 След. >|