Маыгли (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 56 из 197



- Мф! Што гаворыць Закон Джунгляў, Балу?

Балу зусiм не хацеў новых непрыемнасцей для Маўглi, але з Законам не жартуюць, i таму ён прабурчаў:

- Гора не вызваляе ад пакарання. Толькi не забудзь, Багiра, што ён яшчэ малы!

- Не забуду. Але ён нарабiў бяды, i цяпер трэба яго набiць. Маўглi, што ты на гэта скажаш?

- Нiчога! Я вiнаваты. А вы абое паранены. Гэта толькi справядлiва.

Багiра дала яму з дзесятак плескачоў, лёгенькiх, на думку пантэры (яны нават не разбудзiлi б яе ўласнае дзiцяня), але для сямiгадовага хлопчыка гэта была суровая лупцоўка, ад якой кожны рад быў бы пазбавiцца. Калi ўсё скончылася, Маўглi чхнуў i моўчкi падняўся на ногi.

- А цяпер, - сказала Багiра, - залазь мне на спiну, Маленькi Брат, i мы рушым дадому.

Адным з прывабных бакоў Закону Джунгляў з'яўляецца тое, што пасля пакарання заканчваюцца ўсе разлiкi. Пасля яго не бывае нiякiх прыдзiрак.

Маўглi апусцiў галаву на спiну Багiры i заснуў так моцна, што нават не прачнуўся, калi яго паклалi на зямлю ў роднай бярлозе.

"ТЫГР, ТЫГР!"

Пасля бойкi на Скале Рады Маўглi пайшоў з воўчага логава i спусцiўся ўнiз, да палеткаў, дзе жылi людзi, але не застаўся там - джунглi былi занадта блiзка, а ён ведаў, што на Радзе нажыў сабе не аднаго лютага ворага. I таму ён пабег далей, трымаючыся дарогi па дне далiны, i адмахаў каля дваццацi мiляў роўнай рыссю, пакуль не дабраўся да мясцiн, якiх яшчэ не ведаў. Тут пачыналася шырокая раўнiна, усыпаная скаламi i зрэзаная ярамi.

|< Пред. 54 55 56 57 58 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]