Маыгли (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 58 из 197

Але Маўглi нiколi ў жыццi не назваў бы гэтыя шрамы ўкусамi: ён добра ведаў, якiя бываюць сапраўдныя ўкусы.

- Вой! Вой! - сказалi ў адзiн голас дзве-тры кабеты. - Увесь пакусаны ваўкамi, бедненькi! Прыгожы хлопчык. Вочы ў яго, як агеньчыкi. Дапраўды, Месуа, ён вельмi падобны на твайго сына, якога схапiў тыгр.

- Дайце мне зiрнуць, - сказала жанчына з цяжкiмi медзянымi бранзалетамi на запясцях i шчыкалатках i, пазiраючы з-пад далонi, паглядзела на Маўглi. - Ага, вельмi падобны! Ён худзейшы, затое з твару вылiты мой сын.

Жрэц быў чалавек хiтры i ведаў, што муж Месуi - адзiн з найпершых вясковых багацеяў. I таму ён узняў вочы да неба i ўрачыста прамовiў:

- Што джунглi ўзялi, тое джунглi i аддалi. Вазьмi хлопчыка да сябе ў дом, сястра мая, i не забывайся аказваць пашану жрацу, перад якiм адкрыта ўся будучыня чалавека.

"Клянуся буйвалам, якi выкупiў мяне, - падумаў Маўглi, - усё гэта вельмi нагадвае тое, як мяне аглядала Чарада! Што ж, калi я чалавек, дык буду чалавекам".

Натоўп расступiўся, i жанчына зрабiла Маўглi знак, каб ён iшоў за ёю ў хацiну, дзе стаяў чырвоны лакiраваны ложак. А яшчэ там было шмат рэчаў: вялiкая глiняная пасудзiна для збожжа, аздобленая пацешным выпуклым узорам, з паўтузiн медных кацялкоў для прыгатавання ежы, бажок у маленькай нiшы i на сцяне - сапраўднае люстэрка, якое можна купiць на вясковым кiрмашы за восем цэнтаў.

|< Пред. 56 57 58 59 60 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]