Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
67 из 197
Шэр-Хан мае намер чакаць цябе сёння ўвечары каля вясковых варотаў, толькi цябе i нiкога iншага. А цяпер ён залёг у вялiкiм перасохлым яры каля ракi.
- Еў ён сёння цi выйшаў на паляванне з пустым страўнiкам? - спытаў Маўглi, таму што ад адказу залежала яго жыццё або смерць.
- Ён зарэзаў свiнню на досвiтку, а цяпер яшчэ i напiўся ўдосталь. Не забудзь, што Шэр-Хан не можа прабыць i аднаго дня без яды нават дзеля помсты.
- О ёлупень, ёлупень! Дурань з дурняў! Наеўся ды яшчэ i напiўся i думае, што я буду чакаць, пакуль ён выспiцца! Дык дзе ж ён залёг? Калi б нас было хоць дзесяцера, мы збiлi б з яго пыху. Гэтыя буйвалы не захочуць нападаць, калi не ўчуюць тыгра, а я не ўмею гаварыць на iхняй мове. Цi нельга нам пайсцi па яго следзе, каб буйвалы яго ўчулi?
- Ён праплыў далёка ўнiз па Вайнганзе, каб след згубiўся, - адказаў Шэры Брат.
- Гэта Табакi яго навучыў, я ведаю. Сам ён нiколi не здагадаўся б. Маўглi стаяў, паклаўшы палец у рот, i думаў. - Вялiкi яр каля Вайнгангi - ён выходзiць на раўнiну амаль за паўмiлi адсюль. Я магу павесцi статак кругаля, праз джунглi, да пачатку яра, а потым спусцiцца ўнiз, але тады ён уцячэ ад нас па дне яра. Трэба загарадзiць той канец. Шэры Брат, можаш ты падзялiць статак напалам?
- Не ведаю, можа, i не здолею, але я прывёў табе разумнага памочнiка.
Шэры Брат адбегся ўбок i саскочыў у яму. Адтуль паказалася вялiкая шэрая галава, добра знаёмая Маўглi, i спякотнае паветра запоўнiлася сама тужлiвым выццём, якое толькi можна пачуць у джунглях, - гэта быў паляўнiчы поклiч ваўка ў паўдзённы час.
|< Пред. 65 66 67 68 69 След. >|