Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
78 из 197
Калi вы чыталi папярэднiя апавяданнi пра Маўглi, дык памятаеце, што ён правёў большую частку свайго жыцця ў Сiянiйскай Воўчай Чарадзе i навучаўся Закону ў бурага мядзведзя Балу. Гэта Балу сказаў хлопчыку, калi таму надакучыла выконваць яго загады, што Закон падобны на ўчэпiстую лiяну: ён хапае кожнага i нiкому ад яго не ўцячы.
- Калi ты пражывеш з маё, Маленькi Брат, дык пабачыш, што ўсе джунглi падначальваюцца аднаму Закону. I гэта будзе не дужа прыемна бачыць, - сказаў Балу.
Яго словы ўвайшлi ў адно вуха Маўглi i выйшлi праз другое: хлопчык, у якога ўсё жыццё iдзе на яду i сон, не будзе асаблiва непакоiцца, пакуль бяда не падыдзе да яго ўпрытык. Але настаў год, калi словы Балу пацвердзiлiся, i Маўглi ўбачыў, што ўсе джунглi падпарадкуюцца аднаму Закону.
Гэта пачалося пасля таго, як зiмовых дажджоў не выпала амаль зусiм i дзiкабраз Сахi, сустрэўшы Маўглi ў бамбукавым зараснiку, расказаў яму, што дзiкi ямс падсыхае. А ўсе ж ведаюць, што Сахi пераборлiвы да смешнага i есць толькi сама смачнае i сама спелае. Маўглi засмяяўся i сказаў:
- А мне якi клопат?
- Цяпер - амаль нiякага, - суха i няветлiва адказаў Сахi, пабразгваючы iголкамi, - а там будзе вiдаць. Цi можна яшчэ даваць нырца ў глыбокай яме пад Пчалiнай Скалой, Маленькi Брат?
- Не. Дурная вада ўся кудысьцi сышла, а я не хачу раскалоць сабе галаву, сказаў Маўглi, якi быў упэўнены, што ведае не менш, чым пяць дзiкабразаў, разам узятыя.
- Тым горш для цябе: у маленькую расколiну магло б увайсцi хоць трошкi розуму.
Сахi хуценька адхiлiўся, каб Маўглi не скубнуў яго за шчацiнкi на носе.
|< Пред. 76 77 78 79 80 След. >|