Маыгли (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 87 из 197



Шэрагi звяроў уздрыгнулi i захiсталiся, над iмi праляцеў шэпт, якi перайшоў у крык:

- Ён забiў чалавека! Забiў чалавека!

I ўсе паглядзелi на дзiкага слана Хатхi, але той, здавалася, нiчога не чуў. Хатхi нiколi не спяшаецца, таму ён i жыве гэтак доўга.

- У такую часiну забiваць чалавека! Хiба няма iншай дзiчыны ў джунглях? з пагардай сказала Багiра, выходзячы з апаганенай вады i па-кашэчаму атрасаючы адну лапу за другой.

- Я забiў яго не для яды, а таму, што мне так захацелася.

Зноў пачулiся спалоханыя нараканнi, i пiльныя белыя вочкi Хатхi сурова паглядзелi ў бок Шэр-Хана.

- Таму, што мне так хацелася, - працягла паўтарыў Шэр-Хан. - А цяпер я прыйшоў сюды, каб прагнаць смагу i ачысцiцца. Хто мне забаронiць?

Спiна Багiры выгнулася, як бамбук на моцным ветры, але Хатхi спакойна падняў свой хобат.

- Ты забiў таму, што табе так хацелася? - спытаў ён.

А калi Хатхi пра што-небудзь пытаецца, лепей адказваць.

- Вось iменна. Гэта было маё права i мая ноч. Ты гэта ведаеш, о Хатхi, адказаў Шэр-Хан амаль ветлiва.

- Так, я ведаю, - адказаў Хатхi i, крыху памаўчаўшы, спытаў: - Ты напiўся ўдосталь?

- На гэтую ноч - напiўся.

- Тады iдзi адсюль. Рака для таго, каб пiць, а не для таго, каб паганiць яе. Нiхто, апрача кульгавага тыгра, не выхваляўся б сваiм правам у такую часiну... у такую часiну, калi ўсе мы пакутуем разам - i чалавек i Народ Джунгляў. Чысты цi нячысты, iдзi ў сваю бярлогу, Шэр-Хан!

Апошнiя словы прагучалi, як сярэбраныя трубы. I тры сыны Хатхi гайданулiся ўперад на паўкроку, хоць у гэтым не было патрэбы.

|< Пред. 85 86 87 88 89 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]