Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 15 из 84

Учатырох зноў гналiся заiм, выбiваючыся з сiл. Скрозь мерзлае поле, i паабапал зноў дробныя ляскi. Перад iмi зачарнелася пажарышча. Абкуродымленыя печышчы тырчэлi з халодных асмалкаў. Больш як на кiламетр цягнуўся гэты малюнак. Далей бык абмiнуў пагнутую i збiтую з лафета гармату на краi ямы. I зноў пайшло поле. Сонца ляжала на iм чырвоным бляскам. Дзень канчаўся. Беглi яшчэ, пакуль не зачарнелася перад iмi нейкае як бы чалавечае жытло. Тырчэў журавель ад студнi, i добра вiдна была доўгая i нiзкая хата на тры вокны ў падоўжнай сцяне. Крытая гонтай i абгароджаная жэрдзяным плотам хата здавалася сумнаму воку беспрытульнага чалавека дасягнутым шчасцем. I гэта тым больш таму, што гэтыя ўчатырох, пакуль гналiся за рыжым быком, шмат мiнулi ў чыстым полi вялiкiх i малых пажарышчаў, дзе асмалкi тырчэлi з попелу i попел быў як вечны колер сатлелага жыцця. Гэтае чалавечае жытло з'явiлася перад iмi ў пустэчы, як вялiкi дар ласкавага лёсу. Сонца было ўжо над самым заходам, i чырвоныя водблескi яго люстравалiся ў шыбах гэтай хаты. Непадалёку ад агароджы расло некалькi хвояў, выносiстых i азалочаных сонцам. За iмi быў невялiкi лес. На фоне яловай зелянiны вельмi выразна рысавалася запозненая жаўцiзна нейкага дрэва. Была ў агароджы i брама з нiзкiх шчыкетаў стаяком. Брама была адчынена. На адной шчыкецiне ў ёй вiсела звязаная з сiняй шэрсцi жаночая кофтачка. Усе заўважылi яе, як толькi ўбеглi ў браму. Рыжы бык адно мiльгануўся сваiм колерам паўз вокны ў двары, дапаў да сцяны рагамi ў яе i так застыў на месцы.

|< Пред. 13 14 15 16 17 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]