Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 16 из 84

Тоўсты ў кажуху падняў нож, а самы маладзейшы сказаў:

- А можа тут жыве гаспадар яго? - I пайшоў у сенцы, а ўсе за iм. Тоўсты зачынiў толькi браму i азiрнуўся на быка, якi нават i не паварушыўся. Дзверы не былi замкнёны. Клямка паднялася, i ўчатырох увайшлi ў сенцы. Яны былi вельмi прасторныя пры такой хаце i без столi. Адразу быў дах. Праз вакенца, выразанае ў адным бервяне, падаў сноп сонечнага прамення. Святло лiлося яшчэ i з дзiрак па застрэшшу. Гэта было апошняе святло дня перад яго адыходам у вечнасць.

У сенцах быў чалавек, заняты нейкай пiльнай работай. Вельмi можа быць, што ён крыху, а можа i як мае быць прыпалохаўся ад нечаканага з'яўлення гэтых чатырох i схаваўся за пiльнасць работы. Пад нагамi ў яго было пiлавiнне. Ён збiваў з дошак труну, памерам не на дарослага чалавека. Малатком ён заганяў у дошкi старыя адагнутыя цвiкi, спадылба пазiраючы на, здаецца, нежаданых гасцей. Яны маўчалi. Маўчаў i ён. Можа тое, што ён збiваў труну, стрымлiвала ўсiх ад гаворкi. Нават "добры вечар" нiхто не сказаў.

Ён быў драбнатвары, чарнявы, увiшны ў рабоце i жвавы рухам вачэй. Некалькi дзён да гэтага выгалены твар. Валасы на галаве нiзка падстрыжаны. На выгляд год яму было трыццаць. Адзеты ён быў так, як тут, у гэтых месцах, ужо гэтымi часамi не адзявалiся, i гэта адразу заўважыў самы маладзейшы з чатырох, той, што быў у зношанай чырвонаармейскай адзежы. Чалавек, якi рабiў у сенцах труну, быў у шарачковых нагавiцах, зрэбнай кашулi пад кароткай ватоўкай з афарбаванага ў руды колер палатна i ў падшытых скуратом лапцях.

|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]