Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
17 из 84
- Добры вечар, - адумаўшыся, сказаў маладзейшы з чатырох.
Той моўчкi скланiўся i зноў пачаў заганяць цвiкi ў дошку.
- Вы гаспадар? - сказаў маладзейшы.
- Я гаспадар i там гаспадар, - паказаў ён рукой на дзверы ў хату. Слова "гаспадар" ён выгаварыў нейк так: "гспдр".
- Рыжы бык у вас ёсць? - запытаў маладзейшы.
Той або не пачуў, або не разабраў цi не разумеў. Ён маўчаў. Маладзейшы стукнуў у хатнiя дзверы, i адтуль адразу ж выйшаў чалавек сярэдняга веку, у ботах, чорным пiнжаку i адкiнутымi назад валасамi.
- Вы гаспадар?
- Я тут жыву.
- Рыжы бык у вас ёсць?
- Нiякага быка тут няма. У мяне няма.
У той жа момант усе шпарка выскачылi на двор i абступiлi быка. Тоўсты злаўчыўся i даў вялiкаю фiнкаю быку ў горла. Бык упаў на сагнутыя ў каленях пярэднiя ногi, i кроў хлынула з яго на мерзлую зямлю. Кроў пахла мокрым сiверам. Чалавек з адкiнутымi назад валасамi выйшаў на двор i разам з усiмi бачыў, як кончыўся бык. Малады ў летнiм пiнжаку сказаў адразу:
- Каб хоць раз укусiць чаго.
- Адзiн раз можна, а два не хопiць. Чаго ж вам прасiць есцi, калi ў вас гэтулькi мяса. Бярыце чыгуны i варыце.
Падазрона ён акiнуў вачыма невядомых прышэльцаў.
Адзежа яго была добрая, калiсьцi франтаватая, цяпер змятая i дзе-нiдзе заплямленая. Востры неспакой жыў у яго вачах i на твары.
- Прыгатуй чыгуны, - сказаў тоўсты.
- Чыгуны гатовы. Стаяць у хаце. Толькi ўзяць.
У яго яшчэ была i прыкрасць, што гэтыя невядомцы тут з'явiлiся.
|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|