Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
2 из 84
У адным кутку тут, дзе на месцы спаленага сяла печышчы паспелi ўжо абрасцi блёкатам i драсном, шэсць вялiкiх вязаў узнiмалiся ў неба пышнымi сваiмi вярхамi. Дзе-нiдзе счарнелае лiсце на iх так i аставалася на зiму. Густы зараснiк крушыны i шыпшыннiку стаяў пад iмi. Гэта было крокаў за тысячу ад вялiкага пажарышча i не больш як за чвэртку кiламетра ад лесу. Тут быў узгорак, i навокал далёка вiдно было ў поле. Як начамi пачала мерзнуць зямля, рыжы бык пачаў худнець. Шэрсць на iм падаўжэла i паднялася. Аднойчы ён убiўся пад шэсць вязаў у зараснiк, нюхаў кару на дрэвах i кустах, укруцiў хвост у шыпшыннiк, стаў iрвацца, яшчэ мацней ублытаўся, паабдзiраўся аб сукi i калючкi i, не могучы адарвацца, астаўся так стаяць. Ён аслабеў без яды i ад трывогi i пасля доўгай ночы i ранiцы зарыкаў на высокiм тоне. Блiзкiм лесам прайшло рэха. А пасля i яшчэ. Многа разоў. Раз-поразу. Жывёлiна прасiла ратунку. Рэха iшло па лесе.
Лес той быў густы i стары. Хвоя выносiлася стромка ў неба. Дуб расцiскаў голлем сабе прастору. Пракiдаўся граб. Пад навiссю дрэва каляiнiстыя дарогi расплылiся пад дажджамi i так асталiся. Па iх тут цяпер нiхто не ездзiў. Крокаў за трыста ад гэтакай дарогi, на струхлелым ствале паваленай дупляватай асiны сядзеў малады чалавек. Льга было здагадацца, што ён малады, каб хто бачыў яго ў гэтыя моманты: занадта нешта порстка i жвава ён ускiнуў галаву, як толькi пачуў бычынае рыканне. Здавалася, што ён чуе гэта радасную вестку, у кожным разе роўную доўгачаканаму ратунку. Вочы яго ажылi, рысы твару набылi рухавасць. Маладосць жыла на яго твары, нават i з-пад неахайнага шчацiння. Ён даўно не галiўся i можа нават не мыўся.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|