Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
21 из 84
Ледзьве ён паспеў сказаць палову гэтай фразы, як шпарка выткнуўся паперад той самы старэйшы, у якога халодная абыякавасць i безнадзейнасць, здавалася, навекi асталявалiся на твары. Ён паволi перасмыкнуў губамi i нейкай адной рысай у сябе памiж вачэй i з жудасным акцэнтам сказаў шпарка, быццам баючыся, што яго не захочуць слухаць:
- Я пайду памагаць.
I ў той жа момант плечы яго страсянулiся, i ён хапiўся за твар рукамi. Ён плакаў. Што такое здарылася? Адкуль гэта ў такi час, калi спарахнелыя ў зямлi лацiняне нiколi яшчэ не мелi такога блiскучага апраўдання сваёй прымаўцы: "чалавек чалавеку воўк". I нiхто гэтаму не здзiвiўся i як бы не заўважыў нават гэтага здарэння. Толькi таўсматы нездаволена зiрнуў на слабавольнага плаксуна, i нават як бы пагрозай зварухнулiся яго вочы.
- I я памагу, - сказаў той, што быў у летнiм пiнжаку.
- Зварым мяса, паямо, бо ўмiраем з голаду, i паможам усе. У момант усё зробiм, - сказаў таўсматы. - Дзе чыгуны?
I ўсе яны выйшлi з чыгунамi i сталi валтузiцца з мясам. Вады набралi з студнi i напоўнiлi ею i мясам чыгуны, але мяса не мылi. Нiхто пра гэта i не падумаў. Прайшло можа тры хвiлiны, не больш, як два чыгуны стаялi па каменнях i пад iмi гарэў агонь. Раптам з хаты шпарка выйшаў той, што рабiў труну. Ён здаваўся вельмi ўстрывожаны. Шпарка ён прагаварыў:
- Сцямнела. Агонь здалёку вiдаць.
Таўсматы, як бы раптам адумаўшыся, залiў вадою з чыгуноў агнi i сказаў:
- Варыць трэба ў печы.
I ўсе, з выглядам выратаваных з бяды, панеслi ў хату чыгуны з мясам.
|< Пред. 19 20 21 22 23 След. >|