Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 22 из 84



- Гануся, - сказаў чалавек з адкiнутымi назад валасамi, - запалi ў печы. Я яшчэ пазаўчора туды наклаў дроў.

Гануся сышла з свайго месца i ўзялася за работу. Рукi яе былi малыя i рухавыя. Далiкатнае хараство было ў яе руках. Бадай што напалову яна сама ўлезла ў печ i, лежачы на чаране, падпалiла дровы. Людзi самi прыставiлi свае чыгуны да агню. Вiдно стала ўсiм, якое дзiця яшчэ гэтая Гануся. Тоненькая, з рухавымi плечыкамi, але з вачыма спакойнымi. Качаргой яна пачала падгортаць агонь блiжэй да чыгуноў. Здавалася, што ёй вельмi патрэбна, каб хутчэй усё гэта скончылася. Час пацягнуўся так марудна i так нядобра! Усе ўчатырох сядзелi поплеч на лаве, апанаваныя прыкрым чаканнем. Гануся варыла мяса. Чалавек з адкiнутымi назад валасамi стаяў нерухома над нябожчыцай. Той, што рабiў труну, стаяў у самым парозе i таксама не варушыўся. Штосьцi было ў яго паставе такое, што быццам гэта ён сумысля заняў сваю пазiцыю ў самых дзвярах, каб быць блiжэй да выхаду з хаты. Самы ж маладзейшы з чатырох i таўсматы некалькi разоў, як згаварыўшыся, выходзiлi на двор. Калi паднiмецца iсцi таўсматы, iдзе малады за iм, тонкi, як травiна, перад тым. Вышмарганае чырвонаармейскае адзенне на iм сядзела вельмi шчыгульна. Калi ён паднiмаўся iсцi, за iм спяшаўся i таўсматы. Вельмi было падобна да таго, што яны не хочуць спусцiць адзiн другога з вока. Кожны раз, як толькi яны выходзiлi на двор, абодва пiльна прыглядалiся да цёмных абрысаў вечара навакол i прыслухоўвалiся да той вялiкай цiшынi, што бытавала тут.

|< Пред. 20 21 22 23 24 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]