Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
24 из 84
Раптам малады не вытрымаў:
- Чаго ты не спускаеш мяне з вока?! Мы тут роўныя ўсе!
- Я не дзеля цябе, а дзеля сябе. Я сам хачу бачыць i слухаць. Але ж i ты за мною ходзiш.
- Няхай, калi так, хто iншы выйдзе, - сказаў малады.
- Я пайду i доўга буду стаяць на варце, - сказаў старэйшы.
Таўсматы з нейкiм расчараваннем унурыўся i перабiў:
- Мяса павiнна зварыцца ўжо.
Усе апынулiся ля самай печы. Гануся выцягнула адзiн чыгун i ткнула ў яго ашчэпкам лучынкi.
- Гатова! - сказала яна.
Тоўсты паставiў на лаву ў кут чыгуны. Адзiн i другi.
- Есцi ў сенцах - сказаў самы малады.
З якой удзячнасцю паглядзеў на яго той, што ўвесь гэты час стаяў над нябожчыцай! Самы старэйшы зразумеў гэты позiрк. Ён хапiў чыгун i паiмчаў у сенцы. Шпарка ўсе пайшлi за iм. Той з размаху паставiў чыгун на зямлю, выхапiў кавалак мяса i, абдзьмухваючы яго, пачаў iрваць зубамi. Здавалася, што калi ён будзе чакаць, пакуль мяса астыне, то гэта будзе каштаваць яму сканання. Але i не толькi ён. Ужо ўсе падкiдалi на руках гарачыя кавалкi, кусалi як толькi маглi i елi, елi. Пасля тоўсты прынёс другi чыгун. Два чыгуны мяса яны з'елi не больш як за дзесяць хвiлiн i адчулi, што не пад'елi як мае быць. Але нейкая сiла, можа нават мацнейшая за голад, стрымала iх ад якiх бы там нi было пошукаў спосабу задушыць да канца прагу да яды. Усе, як згаварыўшыся, выйшлi на ганак i сталi самi не свае. Вельмi можа быць, што цяпер iм усiм лепш бы было разысцiся хто куды i век больш не сыходзiцца разам.
|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|