Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
26 из 84
Гэта быў той самыстарэйшы з чатырох. Абыякавасцi i холаду цяпер на яго твары не было. Была пакута i смутак. Цяпер ён здаваўся гарбаты, быў ускудлычаны, чырванатвары i з прыгнутымi ў каленях нагамi. Так ён стаяў, пагойдваючыся на нагах, у поўным маўчаннi гэтай нейкай нешчаслiвай хаты i прахрыпеў, усё з тым жа сваiм жудасным акцэнтам i вымоваю:
- Пачакаем дня, каб капаць i хаваць. Цяпер ноч. Нашто так спяшацца?
Вельмi можа быць, што той, з адкiнутымi назад валасамi, узрадаваўся гэтаму нечаканаму голасу, хоць i хрыпатаму, хоць i страшнаму. Усё ж гэта быў чалавечы голас. З нейкай раптоўнай жвавасцю, як бы ўхапiўшыся за прычыну, каб перад кiм паспавядацца, той, з адкiнутымi валасамi, сказаў:
- Галубок ты мой. Яна ўжо чацвёрты дзень ляжыць непахаваная. Пакуль мы дасталi дошак на труну, пакуль цвiкi з iх без начыння падаставалi, пакуль пiлу знайшлi на пажарышчы за лесам.
- А хто гэта памерлая?
- Гэта мая дачка.
- А жывая?
- I жывая мая дачка.
- Ну добра. Хадзем капаць.
- I я пайду, - пачуўся тут голас, i з падлогi падняўся самы маладзейшы, што быў у чырвонаармейскай адзежы.
Бацька нябожчыцы яшчэ пажвавеў. Нейкiя новыя рысы пачалi ажываць на яго твары.
- Што вы за людзi? - ужо новым тонам сказаў ён.
Тыя маўчалi.
- Ну, ты немец, я чую з твае гаворкi, - ткнуў ён рукой у грудзi таго, што нядаўна кашляў. - А ты хто? Адкуль ты?
- Я можа пасля скажу.
- Ну добра, - адразу апанураў чалавек.
|< Пред. 24 25 26 27 28 След. >|