Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 27 из 84

- Я i забыўся, што чалавеку страшна паказваць сваю душу перад чалавекам.

У тоне гэтых яго слоў многа было горычы i кплiвага запалу.

- Ну, хто пойдзе, дык хадзем. Рыдлёўкi якраз ёсць. У сенцах возьмем.

- I я пайду, - сказаў таўсматы i падняўся з лавы. Ён штурхануў таго ў лёгкiм пiнжаку. Ён спаў моцным сном. Штуршок яго пабудзiў, i ён сеў.

- Трэба ж каму тут астацца, - сказаў бацька нябожчыцы. - Ты астанься (гэта да таго, што рабiў труну). А я завяду людзей на месца.

- I я астануся тут, - сказаў той, што яшчэ сядзеў па падлозе.

- Добра, аставайся.

I той, як сядзеў, адразу зноў лёг, закiнуўшы пад галаву рукi.

I ўсе выйшлi, апроч яго i таго, што рабiў труну. Свечка аплыла i знiзiлася, i цямней стала ў хаце. Гануся стала на ранейшае месца бацькi i так моўчкi стаяла над нябожчыцай. Той, што рабiў труну, стаяў поплеч яе. А той, што ляжаў на падлозе, сеў, дастаў з кiшэнi кавалачак паперы, навыцярушваў з другой кiшэнi пацёртага лiсця, зрабiў папяросу, устаў, прыкурыў з свечкi i зноў сеў на ранейшае месца на падлозе. Вiдаць, што гэта ён курыў не тытунь. Пах дыму быў не тытунёвы. Пайшлi хвiлiны за хвiлiнай. Ён дакурыў папяросу, устаў, падышоў да печы i ўкiнуў у яе недакурак. Абуткам сваiм ён моцна грукаў па зямлi. Гануся азiрнулася на яго, i вочы iх спаткалiся. Ён тады сеў на лаву i зноў пачаў скручваць папяросу. Гануся стаяла на сваiм месцы, але яшчэ раз на яго азiрнулася. Вiдаць, што яе паглыбленасць у самую сябе была парушана.

|< Пред. 25 26 27 28 29 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]