Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
29 из 84
- А вы не ведаеце Бранчыч? На самай шашы. Адсюль павiнна быць недалёка. Дзе гэта, i ў якi бок? А Божа мой, Божа. Калi ведаеце - выведзiце на дарогу.
Гэтыя словы, тонам просьбы i адчаю, ён сказаў як у пустынi. Той, да каго ён казаў, нават i не паварушыўся.
- Што вы маўчыце?! Вам цяжка слова сказаць?
Той раптам схiлiў галаву i перахрысцiўся па-каталiцку, пяцьма пальцамi.
- Ён молiцца, не чапайце яго, - сказала Гануся.
Гэты, у лёгкiм пiнжаку, таксама схiлiў галаву i перахрысцiўся па-каталiцку. Пры гэтым у яго была нейкая заўзятасць, як бы ён гэта сумысля, каб яго бачылi. Гануся паглядзела на яго, i на яе твары нiчога не адлюстравалася. Тады ён цiха запытаў Ганусю:
- А вы як жагнаецеся? Трыма цi пяцьма пальцамi?
Можна было ўлавiць у яго голасе такiя ноты, што як быццам бы ён надаваў гэтаму пытанню нейкае адмысловае значэнне.
- Я i не жагнаюся i не хрышчуся, - адказала яна, i як бы з нотамi нездавальнення, што ёй не даюць стаяць i маўчаць. Колькi ў ёй было ў гэты момант сталасцi! I адказ яе быў не так сабе. А можа гэта яна штосьцi зразумела ў яго запытаннi i трапна адказала яму. Нездаволены, ён цiхом падаўся на ранейшае месца i лёг на глiняную падлогу гэтай хаты. Панавала вялiкае маўчанне. Нябожчыца ляжала ў труне, i двое стаялi над ею. Тым часам загрукалi на ганку i сенечнымi дзвярыма. Вярнулiся далакопы. Усе яны як ёсць увайшлi ў хату. I ў ва ўсiх iх адбылася нейкая змена. Нейкая адна, ужо агульная iм усiм рыса з'явiлася ў iх. Гэта была не тое што якая заклапочанасць цi ўзбуджанасць.
|< Пред. 27 28 29 30 31 След. >|