Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
31 из 84
Пасля стаяў i глядзеў, як Гануся цалуе ў нябожчыцы твар i рукавы кофтачкi. Пасля ён i той, што рабiў труну, узялi века i зачынiлi труну. Раптам ён прыадчынiў века i зiрнуў яшчэ раз на нябожчыцу. Зiрнула i Гануся. Зiрнуў i той, што рабiў труну. А пасля гэтага зачынiлi ўжо навек. I пачалi браць труну, каб несцi. Нейк разам усе схлупiлiся i перашкаджалi адзiн аднаму. Труну ўзялi ўшасцёх. Першая пара iшла: немец, самы старэйшы, i з iм таўсматы ў кажуху. Сярэдзiну труны ўзяла пара: самы маладзейшы i той, што рабiў труну. Труну пачалi паднiмаць ужо, як раптам узварушыўся той у летнiм пiнжаку, што ўсё спаў на падлозе. Нейк сагнуўшыся, як бы ў яго гарэла ўсё ўсярэдзiне, ён падбег да ўсiх, i сонны, i збянтэжаны, i паглыблены сам у сябе, чамусьцi пачаў браць труну там, дзе ўжо трымаў яе той, што i зрабiў яе. Убачыўшы каля сябе соннага памагатага, ён саступiў яму месца i сам разам з бацькам нябожчыцы ўзяў труну ў галавах. Апроч Ганусi, больш тут людзей ужо не было. Гануся i пайшла адна за труною. Калi сыходзiлi з ганка, Гануся азiрнулася была, каб зачынiць сенцы, але не зачынiла. У сенцах, так як i ў хаце, было пуста i гола. Ганак быў нiзкi, на адну ступеню. Сышлi з труною з яго лёгка. Ноч стаяла ў самым сваiм разгары. Яна была ясная. Поўны месяц стаяў высока, i ў гэтай частцы неба не было зор. Мароз без ветру, i цiшыня. Прымерзлая зямля шарэлася далёка ў гэтым спакоi яснай ночы. Голыя дрэвы здавалiся чорныя i вельмi высокiя. З труною прайшлi двор i штосьцi падобнае да саду з рэдкiх дрэваў. Прайшлi полем i апынулiся на ўзлессi. Лес быў невысокi, або малады, або каржакаваты.
|< Пред. 29 30 31 32 33 След. >|