Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 33 из 84

Украдкам, нiбыта баючыся, ён паклыбаў у бок хаты, прыгорблены i скрыпучы. I кашляў ён ужо скрыпам, i гаварыў, i нават у абутку яго штосьцi скрыпела. Не адышоўся ён яшчэ i пятнаццацi крокаў, як таўсматы рушыў за iм следам.

- Гаспадар, - сказаў самы маладзейшы да Ганусiнага бацькi, - я ледзьве стаю на нагах. Я баюся, што ўпаду. Я пайду хоць лягу на падлозе.

- Iдзi i кладзiся, але не на падлогу, а на печы прымасцiся, калi яны яшчэ там не занялi месца. Спяшайся. Або на лаву дзе. Там у хаце, памiж печы i кутом, дзе стаяла труна, абмацаеш цi ўбачыш дзверы. Адчынi iх i ўвойдзеш у халодны пакой. Там ляжаць на стале чыстыя лахманы, бяры iх сабе на пасцель.

Малады шпарка пайшоў. Ясна ноч стаяла ў самай сваёй глыбiнi. Гануся, бацька i той, што рабiў труну, паволi засыпалi магiлу. Бацька стаў на каленi, а за iм i астатнiя. Кожны дакрануўся лбом да свежай зямлi. Пасля, цiха гаворачы, пайшлi.

- Каб ведаць, што гэта за людзi, - сказаў той, што рабiў труну.

Спакойным тонам знаўцы таго, што робiцца на свеце, Гануся адказала:

- Кожны з iх ратуе сябе.

Бацька яе сказаў:

- Два з iх немцы, адзiн беларус, а чацверты паляк.

- Вы не памыляецеся? - сказаў той, што рабiў труну.

- Мой бацька ў такiх справах не можа памылiцца, - сказала Гануся. - Ён з гаворкi пазнае, з якой нацыi хто.

Ганусiн голас не быў спакойны, хоць i было ў iм крыху разважлiвасцi. Утрапенне не пакiдала яе. Утраiх увайшлi яны ў сенцы i ўбачылi, што бычынае мяса, вялiкiмi мерзлымi кавалкамi, ужо ляжала тут, на зямлi.

|< Пред. 31 32 33 34 35 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]