Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 36 из 84

Самае важнае -нам перачакаць. Так дзень за днём.

Ён падняўся i сеў.

- Дзень пачынаецца, - сказаў ён такiм тонам, як бы гэта штосьцi вельмi важнае адбылося. I зноў змоўклi. I зноў пацягнуўся час. Ранiца iшла паволi. Дзень пачынаўся хмурны. Раптам знiклi рэдкiя зоры i святло з неба. Вiдны сталi сцены ў хаце i дзверы, адчыненыя ў той "халодны пакой". Чакалi дня, а як ён прыйшоў, не ведалi, як пачаць яго. Усе паглядалi на печ, што далей будуць рабiць няпрошаныя начлежнiкi. А яны ўсе так жа неспакойна спалi. Ужо Гануся ўстала, увайшла ў "халодны пакой", расчынiла там нейкае цеста. Ужо той, што рабiў труну, наперасекаў многа жэрдак на дровы. Ужо Ганусiн бацька, схаваўшыся ў "халодным пакоi" ад сваiх нязнаных начлежнiкаў, дастаў цiхом з-пад пiнжака пiсталет, разабраў яго i зноў сабраў. А тыя ўсё ляжалi на печы i нават як бы спалi. Цяпер ужо вiдно было i як мае быць чутно: час ад часу рваўся скрыпучым кашлем самы старэйшы. Самы маладзейшы час ад часу енчыў слабым голасам. Таўсматы штосьцi ўсё праз сон гаварыў, але не так, як учора ўдзень, а па-нямецку. Той, што ў лёгкiм пiнжаку, раптам прахапiўся i пракрычаў чыстай польскай мовай штосьцi аб тым, што ён даў абяцанне перад вялiкай усясветнай справядлiвасцю ненавiдзець фашыстаў, пакуль будзе жыць.

|< Пред. 34 35 36 37 38 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]