Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 38 из 84

Я многагаладаў, а мяса было недаваранае, а я яго ўчора многа з'еў. Цяпер у мяне як быццам усё рвецца ўсярэдзiне. У мяне ў жываце ные i сцягваецца.

- А есцi табе не хочацца?

- Не. Я зусiм аслабеў.

- Кладзiся на тую пасцель, дзе мы спалi.

- А яны ўжо i так заўважылi, што я з вамi добра.

- Ты iх баiшся?

- Iх тры, а я адзiн.

- Не бойся. I нас тры.

- На мне могуць быць вошы. Я не лягу на вашу пасцель.

Ганусiн бацька памаўчаў i кiўнуў галавой.

- Дык вылежвайся сёння на печы. Яшчэ адно. Ты з палону ўцёк?.. Ты не бойся. I я ад немцаў уцёклы.

- З палону. Як вы ўгадалi?

- У мяне ж галава на плячах.

Малады чалавек раптоўным рухам хапiў руку Ганусiнага бацькi i страсянуў яе. Пасля чаго пайшоў у хату i зноў уцiснуўся на печы памiж тых. Нейк адразу пасля гэтага той, што рабiў труну, Ганусiн бацька i Гануся выйшлi з хаты, добра зачынiлi сенцы i, даўшы добрага кругу, па адным, а не разам, абышоўшы той лясок, на краi якога з мiнулай ночы з'явiлася свежая магiла, сабралiся ў нейкай вузкай i доўгай градзе старых дрэў. Тут расло некалькi дубоў, вязаў, бяроз i многа алешыны. I пад iмi гусцiўся крушыннiк. У гэтым крушыннiку яны абгледзелi ляжачую старую бярозу, вывернутую навальнiцай з карэннем. Яна ўжо ўтрухлела i абрасла высокай мятлiцай. Ганусiн бацька выцягнуў з-пад дрэва аўтаматычную нямецкую вiнтоўку i набоi да яе, напакаваныя ў вялiкi шкляны слой i накрытыя вечкам з бляхi. Ён добра абгледзеў вiнтоўку. Утраiх селi на дрэва, i ён пачаў разбiраць зброю.

|< Пред. 36 37 38 39 40 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]