Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 37 из 84

Самы малады, быццам ускрылены гэтым польскiм крыкам, крыху прыўзняў галаву i з нотамi агню ў вялым ад хворасцi цi слабасцi голасам як бы растлумачыў таму паляку (бо пакуль гаварыў, глядзеў на яго), што ён толькi дзеля таго дзяцей будзе мець, каб яны маглi выхаваць у сваiх дзецяхнянавiсць да фашыстаў. Вiдаць, што гэтая думка, цi праўдзiвей сказаць, фармулiроўка думкi, склалася ў яго не адразу i напластоўвалася з цягам часу. Самы старэйшы, той, што кашляў, падняў галаву i раптам, як бы што ўспомнiўшы цi адумаўшыся, кiнуўся зноў i ляжаў, больш не варушачыся i стрымлiваючыся, каб не кашляць i не абзывацца. Збоку гэта льга было заўважыць. Таўсматы ж нават i не паварушыўся. Але вiдаць, ён чуў усё, бо не спаў. Часамi ён расплюшчваў на момант вочы. Тым часам Гануся падпалiла ў печы, узяла з-пад прыпека скавараду, насыпала з паперы на яе цёртых канапель i расцiснула паверх цеста. Неўзабаве яна спякла такiм парадкам тры скавароднiкi, пульхныя i тоўстыя. Яна, бацька i той, што рабiў труну, стоячы пры печы, адразу i з'елi iх.

- Як мне хочацца малака! - сказала Гануся, пасля чаго ўсталявалася маўчанне.

Дзень панаваў ужо на дварэ. Ён быў хмурны. Час усё iшоў, а тыя з печы не злазiлi. Ужо напэўна за паўдня мiнула, а яны ляжалi. Самы старэйшы зноў пачаў кашляць. Ганусiн бацька падняў руку i штурхануў самага маладога ў нагу. Той адразу прыўзняў галаву, паглядзеў на чалавека i мiргнуў унiз вачыма. Было ўсё падобна, што ён i спадзяваўся, што так усё будзе. Ён вычакаў момант, асцярожна споўз на край печы i ўкрадкам злез на зямлю. Моўчкi, як згаварыўшыся, выйшлi яны ўдвух з Ганусiным бацькам у сенцы.

- Перакусiць чаго трэба, - сказаў пошапкам Ганусiн бацька так, як бы ведаў гэтага маладога чалавека, бадай што хлапчука, здаўных.

- Мне не можна, - сказаў той. - Я захварэў.

|< Пред. 35 36 37 38 39 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]