Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
8 из 84
I раптам чалавечыя галасы, цiхiя i стрыманыя, прыглушаныя iмкненнем быць пачутым толькi тым, да каго гаворыцца, пачулiся недзе зусiм блiзка, вось тут, можа спамiж самых блiжэйшых кустоў. Бадай-што шэптам хтосьцi казаў:
- Я табе кажу, што гэтая жывёлiна рыкае недзе тут.
- А па-мойму, дык у лесе, - адказаў так жа цiха i асцярожна другi нехта.
Хвiлiн колькi цяглося маўчанне. Чутно было, як чыркнула запалка. Мусiць яны закурылi. Значыцца, зусiм блiзка яны былi. З гэтымi двума адбылася змена. Iх увага ўжо накiравалася туды. Хоць яны яшчэ i не паспелi пазнаёмiцца адзiн з адным, але як быццам бы ўжо былi добра знаёмыя. Ужо яны станавiлiся падобныя да змоўшчыкаў, якiя разам, плячо з плячом, павiнны баранiцца ад нейкiх невядомцаў, што выявiлiся так блiзка тут. Так спаткалiся iх позiркi на адзiн момант у такiм сваiм пераломе i з'iначаннi, пасля чаго ўжо спакайней яны глядзелi адзiн на аднаго. Кожны з iх ужо бачыў у другiм свайго аднадумца, i рысы чалавечнасцi i сяброўства зганялi з iх твараў рысы звярынага страху. А як жа! У iх жа цяпер ёсць адна справа, i можа слаўнае i такое жаданае сяброўства запануе памiж iмi. Той, што ў кажуху, тоўсты i нiзкi, нават зрабiў паўкрока да таго, што мерзнуў у летнiм пiнжаку. Бык зноў зарыкаў, i зноў на высокай ноце, з адчаем i як бы з болем.
- А што? Тут! - пачуўся з кустоў радасны голас, ужо не такi стрыманы. I адразу яны ўдвух апынулiся тут.
Што гэта была за пара такая! Адзiн з iх быў зусiм малады. Калi таму, што мёрз у летнiм пiнжаку было год трыццаць, то гэтаму бадай-што не магло быць больш як дваццаць шэсць. Сляды перажытага ляжалi на яго твары. Нi тое што гэта маршчыны старасцi ўразiлi маладосць.
|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|