Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
7 из 84
Каб хто сачыў за iмi збоку, той падумаў бы, што гэта яны толькi i чакалi таго моманту, калi зарыкае бык, каб тады кiнуцца на яго i замест ратунку, аб якiм ён так рыкаў, зрабiць яму смерць. Тым часам бык як бы ў знямозе паставiў мысу ўнiз, мусiць да наступнага рыкання. Гэтыя два адразу як бы забылiся на жывёлiну, i вось пачала на iх твары лажыцца пячаць найпiльнейшай увагi аднаго да другога. Увага гэтая межавалася з заядлым узбуджаннем i нянавiсцю, хоць нiводзiн з iх нават i здагадвацца не мог, каго ён бачыць перад сабою. Пачуццё прыкрасцi i смутку адлюстроўвалася на iх тварах. Ужо на адзiн самы найкарацейшы момант яны не спускалi адзiн аднаго з вока. Кожны з iх, здаецца, нават дыхнуць баяўся. Бык некалькi разоў выцягваў шыю i рыкаў, а яны можа нават i не заўважалi гэтага. У кожным разе нiводзiн з iх нават i вачыма не кiнуў у той бок, дзе чатырохногi бадзяга прасiў дапамогi. Праходзiлi хвiлiна за хвiлiнай, i павялiчвалася трывожная ўвага iх у аднаго да другога. Поўная нянавiсць ужо ўладала iмi. Калi каторы з iх рабiў хоць абы-якi рух, другi ўскiдаў руку са зброяй, каб хаця той не зрабiў гэтага раней за яго. Як бы нейкiмi ланцугамi яны былi прыкуты да гэтага агiднага iм самiм занятку. Iх прыгнечвала гэтая злая неабходнасць. У кожным разе, як бы там нi было, памiж усяго iншага, i рыса пакуты была на iхнiх тварах. Напружанне iх даходзiла да найвышэйшага пункта.
|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|