Млечны Шлях (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 6 из 84

Бадай-што ў такой самай паставе, як i ён, з другога боку ад жывёлiны i з шырокiм штыком ад вiнтоўкi ў руках стаяў тут другi ахвотнiк да бычыны. Чалавека ў летнiм пiнжаку ўразiла да жудасцi тое, што гэты, стоячы ў зусiм гатовай паставе, глядзеў не на быка, а на яго.

Гэты другi меў такi выгляд, што не ўгадаць было б, колькi яму год. Можа ён быў стары, а можа зусiм малады. Ён баяўся холаду, ён грэўся. Шыя яго была абкручана ручнiком. Расейскi салдацкi кажух да кален быў на iм. На нагах салдацкiя чаравiкi без абмотак. Сялянскiя нагавiцы з рудога саматканага сукна, на яго вельмi вузкiя i, дзiўна, нават кароткiя. Бо сам ён быў даволi-такi малога росту, i паводле якога мог здавацца таўстуном. Твар быў круглы i зноў-такi няголены, шчацiнаваты i кiрпаты. Вочы застылыя, i нейкiм дзiўным парадкам у iх нiчога не адлюстроўвалася. Але ўвага i насцярожанасць вельмi востра былi напiсаны на яго твары. Цяжка было зразумець, цi гэта на быка, цi на чалавека ён нарыхтаваўся кiнуцца. Ён здаваўся здаровым i дужым, толькi празмеру змораным. Барада яго хавалася ў ручнiк, вушы закрывалiся бiнтам, шырокiм i ў лапiнах сухой крывi. Бiнт абкручваў лоб, скiвiцы з вушамi, хаваў пад сабою бровы i сядзеў гузамi на патылiцы. Вусы стрыжаныя, пакiненыя двума пукамi пад носам, былi ўжо нейкiм чорным гузам, з якога тырчэў дробны недакурак з папяросы; цi ён там умёрз, цi прылiп, але ён астаўся там i напэўна не заўважаўся тым, хто яго курыў.

Бык выцягнуў шыю i зарыкаў. Незалежна ад сваiх думак, гэтыя два зрабiлi рух, момантны i больш iнстынктыўны як абдуманы.

|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]