Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
82 из 84
Пухлiна з твару таго немца ўжо намнога сышла. Ён быў у лапцях i ватоўцы з аўчынным каўняром. Варшавяк быў у кажуху. Гануся пазнала гэты кажух: у яго быў апрануты той таўсматы. Гэтае спатканне было ў такой меры непрыемнае, як i нечаканае. Сямага, Новак, Ярмалiцкi i Гануся хацелi стараной абысцi нечаканых падарожных. Але варшавяк iх заўважыў, пазнаў i рушыў проста на iх. Як да свайго, ён кiнуўся за Ярмалiцкага:
- Яны ўсе пагарэлi! Але я яшчэ сабе кажух выхапiў, а гэтага апухлага я ў лесе спаткаў. А пасля мы машыну напаткалi i сюды прыехалi. Браточак. Гэты немец да мяне прычапiўся i не хоча адчапiцца. Куды я, туды i ён. Я iх ненавiджу. Я служыў iм дзесяць год, а яны мяне навек жабраком i бадзякам зрабiлi.
- Гэта ты думаў, што яны цябе зробяць князем ад Ломжы да Смаленска? сказаў з адчаем у голасе Сямага.
- Не, я да яго, - ён кiўнуў на Ярмалiцкага, - дай мне прытулак да канца вайны ў свае мацi. Пасля вайны я азалачу цябе. Я сумысля на Слуцак кiруюся. Але ён цягнецца за мной, гэты апухлы.
Ярмалiцкi нiчога не адказаў, i ўсе пайшлi ў дарогу. Калi праз крокаў сто Гануся азiрнулася, то ўбачыла, што тыя двое iдуць следам. Iх заўважалi ўсе астатнiя дзён пяць дарогi. Назiркам яны iшлi следам. Ярмалiцкi з кожным новым днём усё жвавеў. Цяпер ён пазнаваў ужо асобныя дрэвы i камянi пры дарозе. Ужо ён заводзiў усiх у знаёмыя хаты, дзе-небудзь наводдалек ад дарогi. Людзi яго пазнавалi. Ён стаў зусiм ясны вачыма i настроем.
|< Пред. 80 81 82 83 84 След. >|