Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
83 из 84
У яго калацiлася сэрца, калi ён сказаў, што дарога зараз пойдзе ўнiз i там вiдзён будзе родны дом i шэсць старых вязаў. Дарога сапраўды пайшла ўнiз. Сiняя iстужка далёкага лесу была перад iмi на блiзкiм даляглядзе. Дзень быў хмурны i мяккi. Намаразь раставала. Шэсць вязаў вiдны былi добра. У гэты час канца восенi i пачатку зiмы яны былi голыя. Але чаму яны такiя чорныя i як бы без голля? Ярмалiцкi шпарка iшоў i не адрываў ад iх вачэй. Гануся, Новак i Сямага iшлi за iм, i няпэўнае чаканне iх стала трывожным. Ярмалiцкi раптам стаў прыглядацца да старых вязаў, i жвавасць пакiнула яго. Моўчкi i не гледзячы ў вочы сваiм спадарожнiкам, ён падвёў усiх да вязаў. Вязы былi без голля i знiзу даверху абсмаленыя. Адлежная намаразь цякла па абвугленай кары тонкiмi струменямi i ападала кроплямi. Ярмалiцкi сцямнеў тварам i сказаў:
- Мокры вугаль нiчым не пахне... Унь мой дом. - I паказаў на кучу асмалкаў, крыху наводдалек ад вязаў. Асмалкi i попел былi i ля самых дрэў. Нейкая рэч на зямлi за асмалкамi, там, дзе была не прыцярушаная яшчэ снегам дарога, узяла на сябе яго ўвагу. Як аслупянелы ён стаў над ею. Гэта быў кавалак дошкi з вяроўкаю i надпiс на iм: "Я, Галена Ярмалiцкая, павешана законнаю нямецкаю ўладаю за тое, што не хацела сказаць, дзе мой сын". Гэта з яе шыi! Вяроўка! Дошка!.. Уладзiмер Ярмалiцкi прыцiснуўся лбом да абвугленай кары блiжэйшага вяза i ўвесь страсянуўся. Нi Новак, нi Мiкалай Сямага з Ганусяй не абазвалiся i словам. Яны стаялi як анямелыя. Толькi Гануся падышла да яго i пачала кiдаць вачыма ў бакi.
Павольныя крокi чулiся дзесьцi вельмi блiзка.
|< Пред. 80 81 82 83 84 След. >|